Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гаспадар пушчы
У той халодны лістападаўскі дзень сям’я зуброў не прыйшла да кармушак. Гэта вельмі ўстрывожыла даглядчыкаў. Яны дзівіліся, што ж такое магло здарыцца, чаму зубры аб’явілі галадоўку.
Вырашылі паклікаць зуброў. Далёка па лесе разнёсся моцны голас старшага даглядчыка Сяргея Фёдаравіча. Ён доўга гукаў зуброў і звонка стукаў у парожняе вядро.
Звычайна пасля такога запрашэння на абед у лесе адразу ж чуліся тупат, трэск ламачча, шум. Да кармушак з усяе сілы беглі зубры. Але на гэты раз лес глуха маўчаў. Толькі чуваць было, як у ельніку выстукваў дзяцел ды цінькалі сініцы.
Мінула больш за гадзіну, а зуброў усё не было. Нарэшце пачуўся цяжкі тупат. На палянку выйшла чарада зуброў. Толькі чамусьці іх было менш, чым заўсёды. Наперадзе ішоў Пум, высокі, гарбаты, з шырокім каркам.
Зубры падышлі да кармушак, ухапілі крыху корму і заспяшаліся назад у лес. Сяргей Фёдаравіч непрыкметна, пераходзячы ад аднаго куста да другога, пайшоў за імі. Ён ведаў, што падыходзіць блізка да зуброў небяспечна: могуць падняць на рогі.
У тым месцы, дзе рэчка рабіла паварот і гублялася ў глухіх зарасніках, ён глянуў убок і застыў ад здзіўлення. На невялічкай палянцы цесным колам стаялі зубры. Яны цягнуліся мордамі да маленькага зубраняці, і з ноздраў іх валіла пара. Нованароджаны быў мышастай масці, пушысты, у завітках і яшчэ нясмела стаяў на тонкіх ножках. Зубры дыхалі на малога, баючыся, каб ён не змёрз.
Пум стаяў побач з зубранём, трос кудлатай галавой, адганяў тых, хто хацеў дакрануцца да малога.
Назаўтра раніцай зубры зноў спазніліся на падкормку. Сяргей Фёдаравіч заклапочана глядзеў у лес. Марозік пакусваў твар, і даглядчык думаў, як жа там зубраня.
У гэты час паказалася чарада лясных волатаў. Наперадзе, як заўсёды, Пум, за ім ішло маленькае зубраня. Маці ласкава падштурхоўвала яго. Астатнія зубры ішлі следам. Чарада дружна накінулася на корм. Зубраня ўвесь час прыставала да маці, штурхала лобікам пад бок і перашкаджала есці. Яно таксама прагаладалася.
Настаў студзень. Снег сыпаў і сыпаў, прыкрыў кусты, замёў дарогі і сцежкі. Лес прыбраўся ў бель. За гэты час зубраня падрасло, падужэла. Малое змяніла мышастую поўсць на бурую, на спіне з’явілася гарбінка, на лбе прарэзаліся рожкі – надзейная і грозная зброя зуброў.
Пум пачаў вучыць малога здабываць сабе ежу. Стары зубр навальваўся ўсім целам на граб або рабіну, прыгінаў дрэва да зямлі і трымаў яго пад сабою, а зубраня аб’ядала галінкі.
Зубраня было вельмі вясёлае, жвавае і любіла забаўляцца з Пумам. Стары зубр стаіць, як бурая скала, прыгнуўшы магутную шыю, а малы ўпіраецца ў яго шырокі лоб сваімі вузенькімі рожкамі. Доўга дужаюцца. Калі малы заўзята пачынае наступаць, Пум адыходзіць, нібы паддаецца, і нарэшце кідаецца наўцёкі. Тады зубраня радасна бяжыць за ім, каб дагнаць.
Сяргей Фёдаравіч з цікавасцю назіраў за гульнёй.
Надышоў люты. Пабольшаў дзень. Амаль кожны вечар палымнела на захадзе пурпуровая зара. Яе водбліскі клаліся на заснежаныя дрэвы. Тым надвячоркам у зуброўніку, як звычайна, рыхтаваліся да вячэры. Даглядчыкі накладалі ў кармушкі сена і вецця.
Цяпер зубры не пазніліся. Яны спяшаліся да кармушак. Толькі вось сёння малое чамусьці не хацела падыходзіць да корму.
Сяргей Фёдаравіч выйшаў з зуброўніка, і тут малое раптам наляцела на яго і стукнула лбом так, што даглядчык бухнуўся ў снег.
«Ну і ну», – падумаў Сяргей Фёдаравіч і хацеў падняцца на ногі. Але зубраня зноў падбегла да яго і нагнула галаву для новага ўдару. Яно шалела ад радасці, адчуўшы сябе пераможцам.
Ды тут Сяргей Фёдаравіч злаўчыўся, схапіў зубраня адной рукою за правую нагу крыху вышэй капыта, а другой рукою – за рожкі і зваліў на снег.
Зубраня не чакала гэтага. Яно ўмомант усхапілася на пругкія ногі і здзіўлена пазірала на даглядчыка. Малое, відаць, адчула сілу і спрыт чалавека.
(582 словы)
Паводле Я. Зазекі.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Зубрыная сцежка
Пераказы, дыктанты → Крэпасць на мяжы
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Каго баіцца зубр?