Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гаспадары зямлі
Бульбу ў тую восень пачалі капаць позна. Звычайна ў гэтую пару яна ўжо ляжала ў сховішчах, у надзейных паграбах.
Амаль увесь верасень ліў дождж, шэрае, беспрасветнае неба вісела нізка-нізка над зямлёю і бесперастанку палівала яе халоднай вадой.
На палях стаяла непралазная балаціна, загоны паразмывала так, што соткі з бульбай ператварыліся ў суцэльнае рыжае месіва. Ні тэхніка, ні гужавы транспарт нават падступіцца сюды не маглі.
Такой восені ніхто ў Воплаве не чакаў. Дождж не спыняўся ні на хвіліну, і на пачатку чацвёртага тыдня слоты людзі разгубіліся, перасталі спадзявацца на лепшае. Адчуўшы рэальную небяспеку, пагрозу свайму дабрабыту, яны кінуліся ратаваць спаконвечны «другі хлеб».
Зямля любіць руплівых, тых, хто дбае пра яе ад вясны да восені. А хто лайдачыць, надоўга забывае сцежку да поля, лянуецца лішні раз прапалоць свой загон, на добры ўраджай разлічваць не можа. Але на гэты раз справядлівай аплаты за працу чакаць не выпадала. Вясковыя рупліўцы зноў паказалі свой працавіты характар. Яны першымі выйшлі ў поле, каб адстаяць сваё права называцца гаспадарамі зямлі.
На полі, якое ўвачавідкі ажыло, зазвінелі, загрукацелі вёдры.
Ды што было выбіраць у тыя вёдры з балота, з чорнай палявой кашы? Капальнікі шукалі клубні навобмацак, рассоўваючы мокрую зямлю рукамі, каб не пашкодзіць бульбы, якая і без таго пацярпела ад затаплення барознаў. Калі ў мяшку набіралася вядры чатыры клубняў, адваяваны ў непагадзі скарб ускідвалі на плечы і неслі ў вёску. Там высыпалі бульбу на гліняны ток у адрынах, каб яна пад страхой абсыхала да лепшых часоў. А перад тым абмывалі бульбу вадой са студні, бо калі пакінеш яе ў такім брудзе, то згніе ў пограбе хутка. І раз за разам вярталіся на поле.
Вечарам, стомленыя, людзі ледзь упаўзалі ў хату. Карова, свінні, куры, сабака, кот – усё, што чакала звычайнага гаспадарскага догляду, належнай увагі чалавека ў тыя дні не мела. На першым плане была бульба – царыца вясковага жыцця. На яе, як на Бога, маліліся ад ранку да вечара. З клопатам пра яе прачыналіся і клаліся спаць. Усяго астатняга ў свядомасці людзей быццам не існавала.
(328 слоў)
Паводле І. Карэнды
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Сталяры
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Той, хто працуе...
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Адкуль з’явіліся рамёствы