Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гарэза
Варыянт 1 (273 словы)
Людзей вавёрка Гарэза заўважыла здалёк. Яны сядзелі на нейкім бервяне, што плавала пасярод ціхай затокі, трымалі ў руках доўгія, гнуткія і прамыя палкі. Вавёрка прыгледзелася, стала сачыць за паводзінамі гэтых двухногіх істот. А яны так захапіліся сваёй справай, што на бераг не аглядваліся. Звярок супакоіўся і пабег далей, не забываючы зазіраць ва ўсе куткі, каб знайсці нешта ядомае.
На палянцы па-над абрывам увагу Гарэзы прыцягнуў нейкі дзіўны прадмет. Вавёрка ўжо хацела прабегчы міма, ды ў нос ёй ударыў моцны прывабны пах нечага ядомага, вельмі смачнага. Ішоў ён якраз ад таго прадмета. Гарэза азірнулася на людзей. Тыя па-ранейшаму сядзелі спінамі да берага. І вавёрка асмелілася.
Яна падбегла да палаткі, зазірнула за адхілены полаг: нікога. А ў куточку горкай ляжалі нейкія прадметы і да знямогі вабілі сваім пахам. Не задумваючыся, падскочыла да іх, упілася зубкамі ў чорны бохан. Спадабалася, і вавёрка з вялікай асалодай грызла і грызла скарынку, глытала мякіш. Забылася пра ўсё на свеце: пра асцярожнасць, пра тое, што побач людзі. Апамяталася толькі тады, калі нехта рэзка адхіліў полаг, выдыхнуў знянацку: «Ой!»
Гарэза падскочыла. Ад страху і нечаканасці яна на імгненне страціла арыенціроўку, разгублена забегала па сценках палаткі, забылася, дзе і выхад. Нарэшце выслізнула міма чалавека на вуліцу і доўгімі скачкамі накіравалася да лесу. Ускочыла на бліжэйшы дубок і толькі тут азірнулася.
Людзі і не думалі яе лавіць. Яны стаялі каля сваёй палаткі і гучна рагаталі, паказваючы на яе рукамі. Пасля наблізіліся і доўга з цікаўнасцю разглядалі маленькага злодзея.
Нарэшце вавёрка супакоілася, перастала калаціцца яе маленькае сэрца. Яна агледзелася, пераскочыла на суседнюю бярозку і паскакала з вяршыні на вяршыню ў глыб густога лесу. Аглядваючыся, бачыла, як людзі прыветна махалі ёй услед рукамі.
Варыянт 2 (160 слоў)
Людзей вавёрка Гарэза заўважыла здалёк. Яна ўжо хацела прабегчы міма, ды ў нос ёй ударыў моцны прывабны пах нечага смачнага. Гарэза азірнулася на людзей. Тыя па-ранейшаму сядзелі спінамі да берага. І вавёрка асмелілася.
Яна падбегла да палаткі, зазірнула за адхілены полаг: нікога. Не задумваючыся, падскочыла да таго, што прываблівала пахам, упілася зубкамі ў чорны бохан. Спадабалася, і вавёрка з вялікай асалодай грызла і грызла скарынку, глытала мякіш. Апамяталася толькі тады, калі нехта рэзка адхіліў полаг, выдыхнуў знянацку.: «Ой!»
Гарэза падскочыла. Ад страху і нечаканасці яна разгублена забегала па сценках палаткі, забылася, дзе і выхад. Нарэшце выслізнула на вуліцу і накіравалася да лесу. Ускочыла на бліжэйшы дубок і толькі тут азірнулася.
Людзі і не думалі яе лавіць. Яны стаялі каля сваёй палаткі і рагаталі, паказваючы на яе рукамі.
Нарэшце вавёрка супакоілася, перастала калаціцца яе маленькае сэрца. Яна пераскочыла на суседнюю бярозку і паскакала з вяршыні на вяршыню ў глыб густога лесу. Аглядваючыся, бачыла, як людзі прыветна махалі ёй услед рукамі.
Паводле В. Жушмы
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вавёрка
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Вавёрка
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Вавёрчына гора