Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гарніст

Варыянт 1 (336 слоў)

   Летняй ноччу ў акно пастукаліся. Гаспадар чакаў начных гасцей. Ён хутка ўстаў, завесіў вокны і адамкнуў дзверы. Парог пераступілі двое з аўтаматамі. Не паспелі партызаны перагаварыць з гаспадаром, як у пакой зайшоў Алесь, малодшы сын гаспадара. Хлопчык пазнаў голас свайго настаўніка.
   – А ты, Алеська, падрос, пасталеў. Памятаеш, як ты быў у піянерлагеры? Лепшым гарністам лічыўся, – твар настаўніка асвяціўся добрай усмешкай.
   – Памятаю, Сцяпан Піліпавіч. А горн я хаваю...
   У гэты момант не прамінуў Алесь папрасіцца ў партызаны. На гэта настаўнік адказаў, што хлопец яшчэ малы, а ў лесе і дарослым бывае цяжка, але справа знойдзецца і яму. Словы Сцяпана Піліпавіча ўзрадавалі хлопчыка.
   Аднойчы хлопчыкі ганялі мяч на полі. Назіраючы збоку за імі, можна было падумаць, што на свеце няма ніякай вайны. Алесь у камандзе футбалістаў быў нападаючым. Ён, як віхор, насіўся па полі, гонячы перад сабою мяч. Раптам Алесь убачыў гітлераўцаў, якія, прыгнуўшыся, ішлі ў бок лесу. Хлопчык пабег на свой двор. Убачыўшы бацьку, хлопец закрычаў, што немцы жытам пайшлі да лесу. Бацька адразу ўсё зразумеў:
   – Відаць, гітлераўцы натрапілі на след. Могуць напасці на партызан нечакана. Трэба папярэдзіць.
   Дарога да лесу была ўжо адрэзана. На нейкі момант Алеся ахапіла роспач. Ён кінуўся ў хлеў, выхапіў са схованкі горн і выбег на выган. За ім пачаліся зараснікі лазняку, якімі можна дабрацца да партызан. Хлопчык папоўз, баючыся падняць галаву. Гушчар раптам расступіўся, пасвятлела. Хлопчык прыўзняўся на руках, прыслухаўся. Зусім блізка чуўся цяжкі тупат ног. Крокі чуліся ўперадзе і па баках. Хлопчык зразумеў, што дабрацца да партызан і папярэдзіць іх ён не паспее. Ад гэтай думкі моцна забілася сэрца, гарачая хваля разлілася ў грудзях. Адвага перасіліла страх. Алесь устаў на ўвесь рост і зайграў трывогу.
   І тут жа ў неба ўзвілася чырвоная ракета. З усіх бакоў застракаталі аўтаматы. А гарніст іграў і іграў. Раптам нешта балюча стукнула ў грудзі. Зямля і дрэвы захісталіся ў вачах і зніклі. Алесь не чуў, як партызаны з гулкім «ур-р-р-а-а!» пайшлі ў атаку. Не бачыў, як падалі ад партызанскіх куль гітлераўцы.
   Калі Сцяпан Піліпавіч падбег да Алеся, той ляжаў нерухома, моцна сціскаючы ў руцэ горн.
 


 

Варыянт 2 (527 слоў)

   Летняй ноччу ў акно Міколы Ліпніцкага пастукаліся. Стук быў ціхі і асцярожны.
   Гаспадар, відаць, чакаў начных гасцей. Ён хутка ўстаў, завесіў вокны, запаліў лямпу, выйшаў у сенцы і адамкнуў дзверы. Бразнула клямка. Парог пераступілі двое з аўтаматамі. Не паспелі партызаны перагаварыць пра нешта з гаспадаром, як у пакой зайшоў Алесь, малодшы сын Міколы. Хлопчык пазнаў голас свайго настаўніка, які калісьці выкладаў у школе геаграфію і перад вайной жыў у іх на кватэры.
   – А ты, Алеська, падрос, пасталеў. Памятаеш, як ты быў у піянерлагеры? Лепшым гарністам лічыўся, – твар настаўніка асвяціўся добрай усмешкай.
   – Памятаю, Сцяпан Піліпавіч. Вы ж тады былі начальнікам лагера. А горн я хаваю...
   Успаміны ўсхвалявалі хлопчыка. Ён расказаў, што школу фашысты адразу закрылі, выкінулі на вуліцу парты, спалілі кнігі, каб ніхто не чытаў, за ўсё расстрэлам пагражаюць. Не прамінуў Алесь папрасіцца ў партызаны. На гэта Сцяпан Піліпавіч адказаў, што хлопец яшчэ малы, а ў лесе і дарослым бывае цяжка, але справа знойдзецца і яму.
   Словы Сцяпана Піліпавіча ўзрадавалі хлопчыка. Калі партызаны разам з бацькам пайшлі, Алесь яшчэ доўга сядзеў каля акна, а ў думках разгортваліся малюнкі геройскіх учынкаў, небяспечных прыгод.
   I вось аднойчы ў канцы вёскі, на гладкім поплаве, хлопчыкі ганялі мяч. Яны бегалі, крычалі, шумелі. Над імі было глыбокае яснае неба, а ў ім, быццам серабрыстыя званочкі, звінелі жаваранкі. Назіраючы збоку за хлопчыкамі, можна было падумаць, што на свеце няма ніякай вайны.
   Алесь у камандзе футбалістаў быў нападаючым. Ён, як віхор, насіўся па полі, гонячы перад сабою мяч. Раптам Алесь убачыў гітлераўцаў. Прыгнуўшыся, яны ішлі жытам у бок лесу.
   З усіх ног хлопчык кінуўся на свой двор. Убачыўшы там бацьку, хлопец ледзь утрымаўся перад ім на нагах і закрычаў, што немцы жытам пайшлі да лесу.
   Бацька адразу ўсё зразумеў:
   – Відаць, гітлераўцы натрапілі на след. Могуць напасці на партызан нечакана. Трэба папярэдзіць.
   Дарога да лесу была ўжо адрэзана ворагам. На нейкі момант Алеся ахапіла роспач. Раптам ён кінуўся ў хлеў, выхапіў з патаемнай схованкі горн, у адзін момант пераскочыў цераз плот і агародамі выбег на выган.
   Алесь не бег, а быццам ляцеў на нябачных крылах. Тут яму знаёмы кожны кусцік, кожны раўчук, кожная канаўка. Перабег выган, пачаліся зараснікі лазняку, якімі можна дабрацца да партызан. Хлопчык папоўз, баючыся падняць галаву. Ён поўз доўга, прабіраючыся праз кусты, да крыві абдзіраючы твар і рукі.
   Гушчар раптам расступіўся, пасвятлела. Перад вачыма ўзнік твар настаўніка, прыгадаліся яго словы: «Знойдзецца і для цябе справа». Хлопчык прыўзняўся на руках, прыслухаўся. Зусім блізка чуўся цяжкі тупат ног. Алесь не думаў пра сябе, пра тое, што ён тут адзін, а навокал ворагі. Ён зноў поўз і поўз.
   Крокі чуліся ўперадзе і па баках. Хлопчык зразумеў, што дабрацца да партызан і папярэдзіць іх ён не паспее. Ад гэтай думкі моцна забілася сэрца, гарачая хваля разлілася ў грудзях. Адвага перасіліла страх. Алесь устаў на ўвесь рост і зайграў трывогу.
   I тут жа ў неба ўзвілася чырвоная ракета. З усіх бакоў, захлынаючыся, застракаталі аўтаматы. А гарніст іграў і іграў... Раптам нешта балюча стукнула ў грудзі. Зямля і дрэвы захісталіся ў вачах і зніклі. Алесь не чуў, як партызаны з гулкім «ур-р-р-а-а!» пайшлі ў атаку. Не бачыў, як, уцякаючы, падалі ад партызанскіх куль гітлераўцы.
   Калі Сцяпан Піліпавіч падбег да Алеся, той ляжаў нерухома, моцна сціскаючы ў руцэ горн.

Паводле Я. Зазекі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗубрыная сцежка

Пераказы, дыктантыБушавала полымя гневу

Пераказы, дыктантыКемлівая казуля

Пераказы, дыктантыХлеб для партызанаў

Пераказы, дыктантыСарока-белабока