Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гарбата
У Рэчы Паспалітай да падзелаў гарбата ніколі не была па-сапраўднаму папулярная. Толькі ў другой палове ХVIII cт., калі распаўсюдзілася мода на ўсё англійскае, звычай піць гарбату не як лекі, а дзеля асалоды ці прынамсі прэстыжу, пратачыўся ў найвышэйшыя слаі грамадства, амаль не выходзячы, зрэшты, за межы Варшавы. Так што ў Вялікім Княстве смак напою ведала хіба толькі найвышэйшая арыстакратыя. Некалькі разоў успамінаў яе ў дзённіку слынны мемуарыст ХVIII cт., берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч. Праўда, першая дакументальная згадка пра гарбату ў Беларусі старэйшая на цэлае стагоддзе: у 1660-я гг. яе пілі ў занятым расійскім войскам Магілёве.
Сама назва расліны (ад лацінскага herbа tee) сведчыць пра тое, што спачатку з экзатычнай «травой» пазнаёміліся аптэкары. Зрэшты, так было на працягу ўсёй гісторыі гэтай культуры: у самім Кітаі, на радзіме чайнай традыцыі, першыя два стагоддзі лісце чайнага дрэва выкарыстоўвалася выключна ў лекавых мэтах, пакуль яго не пачалі запарваць і піць проста так. З еўрапейцаў першымі пакаштавалі гарбату партугальцы. Галандцы завезлі яе ў Амстэрдам на стагоддзе пазней і спатрэбілася яшчэ 50 гадоў, каб кітайскае дзіва патрапіла да англічан.
Яшчэ ў 1567 г. казацкія атаманы з маскоўскага пасольства ў Кітаі прывезлі да нашых усходніх суседзяў першыя звесткі пра гарбату. Да царскага двара, аднак, гарбата «даехала» толькі ў 1638 г., але надалей справы ў яе пайшлі вельмі хутка, так што ў 1670-я гг. яна ўжо прадавалася ледзь не ў кожнай маскоўскай краме.
Апынуўшыся пад уладай двухгаловага арла, жыхары былога Вялікага Княства мусілі зжывацца з новымі рэаліямі. Самастойны гандаль з Еўропай застаўся ў мінулым, успаміны пра колішнюю нядоўгую англаманію хутка сцёрліся з памяці, і гарбата, выключна кітайская, пачала трапляць на нашы землі толькі сухапутным сібірскім шляхам. Расійскі ўрад абкладаў імпарт гарбаты больш як 100-працэнтным мытам, транспартныя выдаткі былі каласальныя, і, вядома, як след «наварвалі» на гарбаце маскоўскія купцы.
Ян Баршчэўскі зафіксаваў змяненне статусу гарбаты ад экзатычных зёлак да прадукта масавага спажывання (у межах нешматлікага сярэдняга класу) ў аповесці «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844 г.), падзеі якой адбываліся пасля 1835 г.: «Няшмат часу прайшло, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату, стары пан Ротмістр, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні:
– Мая пані, даўней гарбата была лекамі ад галавы, а цяпер без яе жыць не могуць, якія перамены ў свеце.
Паводле А. Белага