Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Гарадскія скульптуры
Я жыву ў самым цэнтры
Сусвету, Еўропы і часу.
У. Васько.
Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, у кожным еўрапейскім горадзе ёсць невялікія, «неафіцыйныя», але асабліва любімыя скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта «Хлопчык з лебедзем», фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам імя Янкі Купалы і Домам афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л. Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё водаправода. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер Панікоўкай: у рамане Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» ёсць такі персанаж – Панікоўскі, які спецыялізаваўся па крадзяжы гусей. Вось дасціпныя мінчане і ўгледзелі падабенства.
У гэтым жа скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра імя Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палаца. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае: у ім размешчана грамадская прыбіральня. А гісторыю расказваюць такую.
Калі напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынята. Дойлід-дзівак узводзіў абяцаны будынак вельмі прыгожым. I толькі праз некаторы час высветлілася чаму. Незадоўга да гэтага архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер. Але заказчык падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая прыбіральня ўяўляла сабой паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. З пана пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні. Урэшце ён быў вымушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаць некуды за мяжу.
А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара Аляксандра II. У 1917годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастамента знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. Пазней на гэтым жа месцы стаялі яшчэ два помнікі, а апошнім тут паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з лука. I гэта не спадабалася. Атлет знік разам з фантанам.
У апошняе дзесяцігоддзе Мінск займеў шмат цудоўных скульптур. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчына з парасонам і мінчанка ў капелюшы, якая сядзіць на лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач. Аўтар скульптур Уладзімір Жбанаў аздобіў і Камароўскі рынак: на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават наладзілі тут вясёлы розыгрыш. Зусім незнаёмыя людзі дамовіліся праз інтэрнэт у вызначаны час падысці да гандляркі і падарыць ёй чупа-чупс. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца недзе па рынку.
Гарадскія скульптуры надаюць Мінску прыгажосць і непаўторнасць, пра іх таксама з часам будуць складацца легенды.
(456 слоў)
Паводле Л. Рублеўскай.