Даследчыкі неаднойчы адзначалі: у жылах гарадчукоў цячэ і ўсходняя, і заходняя, і нават паўднёвая кроў.
Трэба думаць, ёсць кропля і яцвяжскай – невыпадкова ж Адам Кіркор паведамляў, што ў Давыд-Гарадку некалі жыў старэйшына яцвягаў.
Каб зразумець сённяшніх жыхароў Гарадка, варта ўспомніць колішніх яго людзей; варта згадаць, што хрысціянства ўсходняга закону, узбагачанае прымхамі, увайшло ў характар, сталася ладам іхняга жыцця.
Татарская культура агародніцтва, габрайскае ўменне гандлю, украінская песеннасць, польская хітрасць і палеская запаволенасць, спалучаныя з беларускай цярплівасцю і працавітасцю, і стварылі гарадзенскі характар.
А яшчэ памагла зямля з вадою: зямлі было мала, вады багата. Зямля цанілася так высока, што не пуставала і пядзі, засейваўся кожны лапік, нават кавалак вуліцы і то часцяком прыразаўся да гарода.
Старыя людзі маліліся на зямлю і казалі, што гэта капітал, які не гарыць і не тоне.
(129 слоў)
Паводле Л. Дранько-Майсюка
Похожие статьи:
Пераказы → Давыд-Гарадок