Ганка была найстрайнейшай дзяўчынай у вёсцы. Высокая, тонкая, быццам бярозка ў гаі, з сінімі вачамі, як тыя незабудкі. Калі бацька яе быў яшчэ багаты, то ў хаце не траву, а хлеб елі. Бывала, Ганка як навяжа пацерак на шыю, у светлыя валасы ўпляце чырвоную стужку, то хлопцы з усёй вёскі вачэй не могуць адвесці ад яе.
Між тых хлопцаў найчасцей паглядаў на дзяўчыну васямнаццацігадовы Васілёк Хмара. Ён ужо быў моцны, жвавы і працавіты работнік.
Ганка даўно ведала Васілька. Калі былі дзецьмі, скаціну разам пасвілі. Пазней, калі дзяўчынка стала памагаць маці па гаспадарцы і бегаць па ваду да студні, заўжды сустракала там Васілька. Той адбіраў поўнае вядро і нёс яго ў хату. Яна ішла каля яго, яны гаманілі і смяяліся так весела, што аж суседкі з-за платоў выглядвалі. Калі працавалі разам у двары, Васіль заўсёды дапамагаў Ганцы.
Сіла вялікая, якая і ў салонах, і ў вёсках аднолькава каханнем завецца, цягнула да сябе абаіх поўных маладосці людзей.
Як было ім гадоў па чатырнаццаць, заблудзілася авечка. І паслалі Ганку шукаць яе. Доўга хадзіла дзяўчына па полі, ужо сонца пачало заходзіць, калі спаткала Васіля. Далёка ад вёскі знайшлі авечку і, гонячы перад сабой, вярталіся памаленьку дамоў. Ішлі маўчком. «Ганка, – сказаў нарэшце Васілёк, – а каб я да цябе заслаў сватоў?» Ганка закрыла твар рукой і сказала: «Я б прасіла, каб матуля іх прыняла».
(219 слоў)
Паводле Э. Ажэшкі
Похожие статьи:
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Трыялет
Янка Журба → Янка Журба - Каханне
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Свяці, кахання чыстая зара!..
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Яшчэ ў юнацкія гады
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Твае вочы