Растаў апошні, брудны снег. Сонца, іграючы ў небе, яшчэ нясмела кідала на зямлю свае гарачыя прамені, і тады ад зямлі падымалася лёгкая пара. Весела булькаючы, беглі, спяшаліся некуды маленькія ручайкі. Займаць драўляныя домікі, зробленыя для іх чалавекам, прыляцелі шпакі.
Такой вясновай раніцай жанчына, невысокага росту, у гадах, зайшла ў невялікі дворык, што знаходзіўся ля старога саду. Яна села на лаўку, што стаяла ля пад’езда дома, паклала побач хатулёк з ежай і праседзела тут цэлы дзень.
Рэшткі хлеба, што засталіся ад абеду, яна пакрышыла і пасыпала птушкам. Наляцелі галубы, пачалі кляваць, а яшчэ яны клявалі ўсе дружна адну галубку, адганяючы яе ад ежы. Жанчына прыгледзелася і ўбачыла, што тая кульгае. «Відаць, мароз пашкодзіў лапку, можа, села птушка на падаконнік ля акна, і лапка прымерзла», – падумала жанчына. Яна паднялася, пайшла ў суседні дом, дзе быў магазін. Жанчына купіла кавалак хлеба і, адганяючы нахабных галубоў, карміла кульгавенькую.
Калі прыцемкі пагусцелі, жанчына паднялася і пайшла дадому.
Наступнай раніцай яна зноў прыйшла сюды. І так прыходзіла кожны дзень, пакуль было цёпла. Кульгавенькая галубка ўжо прывыкла да жанчыны, яна не толькі не баялася, а нават чакала, седзячы на траве насупраць лаўкі.
Аднойчы…
(187 слоў)
(Паводле Г. Васілеўскай)