Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Галоўная бібліятэка краіны

   Восенню 1921 года пры Беларускім дзяржаўным універсітэце была створана бібліятэка, якая з часам пачала выконваць функцыі галоўнай бібліятэкі краіны. Пазней спецыяльнай пастановай кіраўніцтва нашай рэспублікі бібліятэка афіцыйна абвешчана дзяржаўнай установай. 1922 год лічыцца годам заснавання вядучай бібліятэкі Беларусі.
   Першым дырэктарам гэтай шаноўнай установы стаў Іосіф Сіманоўскі. Гэта быў чалавек шырокай эрудыцыі. Ён атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю. Сіманоўскі ўзначальваў бібліятэку больш за сорак гадоў і шмат зрабіў для яе развіцця. Першы дырэктар бібліятэкі быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
   Першапачатковы фонд бібліятэкі складаў трыццаць тысяч дакументаў. У першыя гады яе існавання актыўна набываліся каштоўныя прыватныя калекцыі. Шмат выданняў было атрымана з бібліятэк духоўных навучальных устаноў Беларусі, кніжных фондаў Масквы і Ленінграда. Шырока развіваліся міжнародныя кнігаабменныя сувязі. Ужо ў канцы дваццатых гадоў бібліятэка падтрымлівала сістэматычны кнігаабмен з установамі многіх краін. Па колькасці экзэмпляраў, каштоўных выданняў бібліятэка ўваходзіла ў лік найлепшых бібліятэк свету. Фонды бібліятэкі раслі, і ўрад краіны прыняў рашэнне аб узвядзенні новага будынка. Хутка калектыў супрацоўнікаў атрымаў новы, першы ў краіне спецыялізаваны будынак. У трыццатыя гады дваццатага стагоддзя бібліятэцы было прысвоена імя Уладзіміра Ільіча Леніна.
   У пачатку 1941 года фонд бібліятэкі дасягнуў двух мільёнаў экзэмпляраў. У час Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка была разрабавана нямецкімі акупацыйнымі войскамі. Частку кніг вывезлі ў Германію, шматлікія выданні былі знішчаны.
   Пасля вызвалення Мінска група супрацоўнікаў бібліятэкі распачала вялікую работу па аднаўленні кніжных фондаў. Наладжваліся страчаныя сувязі. У канцы вайны бібліятэку зноў адкрылі для чытачоў. Хутка фонд бібліятэкі колькасна дасягнуў даваеннага ўзроўню.
   У сямідзясятыя гады XX стагоддзя бібліятэка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
   У чэрвені 2006 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручыў сімвалічны ключ ад Нацыянальнай бібліятэкі яе дырэктару. Кіраўніку дзяржавы быў выпісаны чытацкі білет нумар адзін. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў у кнізе, дзе пакідаюць запісы ганаровыя госці, наступнае: «Нацыянальная бібліятэка – увасабленне моцы і працвітання нашай Радзімы. Яна – сведчанне стваральнай сілы і энергіі беларускага народа. Трэба зрабіць усё, каб бібліятэка стала адным з галоўных культурных цэнтраў нашай краіны».
   Нацыянальная бібліятэка, створаная на пачатку дваццатага стагоддзя, і сёння ганарова выконвае місію захавання духоўнай спадчыны беларускага народа. Яе гісторыя непарыўна звязана з лёсам нашай дзяржавы, сведчыць пра трывалую сувязь гісторыі і культуры.
   Магчымасці сучаснага будынка кардынальна змянілі асноўныя напрамкі дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Установа ўвасабляе сабой новы вобраз інтэлектуальнай скарбніцы краіны. Бібліятэка набыла новы статус, пашырыла сферы ўзаемадзеяння з грамадствам, на яе базе створаны сучасны інфармацыйны і культурны цэнтр.
   На сённяшнім этапе развіцця бібліятэка бачыць сваё прызначэнне ў збіранні, захаванні дакументаў, у задавальненні інфармацыйных патрэбнасцей чытачоў. Бібліятэка займаецца адукацыйнай, творчай, навуковай дзейнасцю.
   Галоўная бібліятэка краіны захоўвае багацці, створаныя розумам чалавецтва. Яна праз культуру і адукацыю звязвае мінулае з сучасным. Бібліятэчная кніга на ўсе часы застаецца найвялікшым адкрыццём. Якія б сучасныя формы яна ні набывала, кніга і ў дваццаць першым стагоддзі захавае свой высокі статус.
(456 слоў)

Паводле Р. Матульскага.

Похожие статьи:

ПераказыНацыянальная бібліятэка Беларусі

ПераказыБібліятэка-легенда

ПераказыПравы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк

ББібліятэказнаўства