Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вялікі тэатр пасля вялікай рэканструкцыі

   Амаль дзесяць гадоў ішла праца над праектам рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яшчэ тры гады доўжыліся капітальны рамонт і грунтоўная мадэрнізацыя будынка і сцэнічнай пляцоўкі. У сакавіку 2009 года, праз семдзесят гадоў пасля адкрыцця гмаху, узведзенага па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда, тэатр урачыста адсвяткаваў сваё другое нараджэнне.
   Тэатр оперы і балета за сваё доўгае жыццё зведаў некалькі рэканструкцый, першую з якіх зрабіў сам аўтар праекта Іосіф Лангбард адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя над будынкам з’явіўся скатны дах, або купал, які мастацтвазнаўцы жартам назвалі "безгустоўным парасонам".
   Сучасны знешні воблік велічнага будынка і інтэр’еры пасля маштабнай рэканструкцыі набылі першапачатковы выгляд, які быў задуманы архітэктарам пры ўзвядзенні тэатра.
   Унутры тэатр уражвае сваёй раскошай. Падлога фае зроблена ў тэхніцы фларэнтыйскай мазаікі з дзевяці відаў граніту. Унікальныя малюнкі нідзе не паўтараюцца. Стылізаваныя кветкі, зорачкі, арнаментальныя матывы ствараюць адчуванне дэкаратыўнай строгасці, параднасці.
   Адноўлена мноства дэкаратыўных элементаў. З гэтай мэтай рэстаўратарам давялося скрупулёзна вывучаць архіўныя дакументы, эскізы і старыя фотаздымкі. Позірк спыняецца то на мармуровых парталах з люстэркамі, то на драпіроўках аконных штор, то на медальёнах з барэльефнымі партрэтамі дзеячаў культуры, якія ўпрыгожваюць фае. Парадны выгляд набыла і лесвіца: прыступкі зроблены з граніту, а парэнчы – з мармуру.
   У фае на спецыяльных тумбах стаяць тэатральныя лялькі: скрыпач, віяланчэліст, дама і кавалер з французскага балета ў пышных барочных касцюмах. Кампазіцыя перадае дух тэатральнага відовішча.
   На барвовай тканіне заслоны залатымі ніткамі вытканы выявы лір па малюнках Лангбарда. Тканіна гэта прызначана спецыяльна для тэатральных залаў, не гарыць і не пагаршае акустыкі.
   Закуліссе таксама ўражвае сучасным выглядам, навізной дызайну. У офісных і рэпетыцыйных памяшканнях пераважаюць светлыя адценні колеру сцен. Па кантрасце з імі багата выглядае цёмна-вішнёвы колер вокнаў, дзвярэй, мэблі. Паўсюль прыгожыя лесвіцы, прасторныя калідоры.
   Найважнейшы элемент рэканструкцыі тэатра – мадэрнізацыя тэхналагічнага абсталявання сцэны. Галоўная сцэна і аркестравая яма працуюць на гідраправадах. Сцэна разбіта на дваццаць адну пляцоўку, кожная з якіх можа ўзнімацца на патрэбную вышыню і мець пэўны вугал нахілу. Яны трансфармуюцца ў залежнасці ад задумы мастака і рэжысёра. Падлога ўстаноўлена з невялікім нахілам да залы, каб гледачы маглі аднолькава добра бачыць усіх артыстаў. Прадугледжана таксама магчымасць павелічэння сцэны за кошт пад’ёму аркестравай пляцоўкі.
   Той, хто трапляе ў тэатр як глядач, перакананы, што тут чатыры паверхі. На самай справе іх ажно адзінаццаць. Над распісным плафонам залы і люстрай знаходзіцца зусім не дах, а тры паверхі. Адзін з іх аддадзены студыі, дзе распісваюцца дэкарацыі.
   На фасадзе абноўленага будынка ўстаноўлены скульптурныя кампазіцыі з бронзы. Добраўпарадкавана прылеглая да тэатра тэрыторыя. На цэнтральнай алеі парку знаходзіцца сяміўзроўневы фантан. На дыяганальных алеях з’явіліся паркавыя скульптуры: закружыліся ў танцы тры балерыны, сышла з тэатральнай лесвіцы прыма. А каля службовага пад’езда прыселі адпачыць балерыны ў пуантах.
   Такім чынам, велічнае збудаванне, якое стала візітнай карткай сталіцы, мае шыкоўны і прэзентабельны выгляд, выклікае цікавасць, уражвае і заўзятых тэатралаў, і аматараў.
(465 слоў)

Паводле Т. Ільіной, Г. Шостак.