Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вытаптаны хлеб

   Жыццё часта параўноўваюць з дарогай. Не будзем пярэчыць: хай сабе, дарога дык дарога. Чалавек мосціць яе ў аднолькавай меры і з прадбачлівасці, і з нечаканасцей, асабліва хлебароб. Год на год мала калі ў яго прыпадае. Адвечная ісціна: хоць у полі і не коўзка, але ў любы момант ёсць дзе паслізнуцца. Балюча, крыўдна зрабіць гэта не па сваёй віне, ах, як крыўдна!
   Такое здарылася на пачатку лета 1982 года. Ноччу восьмага і адзінаццатага чэрвеня па разлогах Палесся прайшоўся страшэнны прымаразак – ад трох да пяці градусаў. У Любашаве загінулі амаль усе пасевы азімых, бульбы, травы. Дзён праз колькі пасля гэтага старшыню Білімава можна было знайсці ў полі, учарнелага ад гора і думак. Пазней расказваў, што не мог заснуць двое сутак: усё меркаваў ды прыкідваў, як і чым перасяваць палетак, ажывуць ці не ажывуць перамёрзлыя гоні.
   У такой больш чым незайздроснай сітуацыі надзвычай важна не разгубіцца. I ў Любашаве не разгубіліся. Па зярнятку сабралі рэштку азімых. Недалёка ад пералескаў яны і самі трошкі ўцалелі. Астатняе перасеялі. Радаваліся, бо ўсё добра ўзышло.
   Неяк на золку (менавіта ў гэты час пачынаецца працоўны дзень старшыні) зірнуў Білімаў у акно канторы і вачам сваім не паверыў: засеяным полем напрасткі, як нічога і не было, групкамі ішлі людзі, чалавек па пяць-сем. Не стрываў ён, выскачыў насустрач. «Братка! – крыкнуў што ёсць моцы пярэдняму. – Што ты робіш? Тут хлеб пасеяны, хіба не бачыш?» Пярэдні спыніўся, нахабна ўхмыльнуўся, выгукнуў таксама моцна, са здзекам: «Чаго крычыш, дзядзя? Людзей разбудзіш, уцяміў ці не?» I тут жа, каб яшчэ раз абразіць, адкалупнуў бліскучым, як люстэрка, наском чаравіка пульхны камяк зямлі, падкінуў уверх. Хіхікаючы, нечакана дадаў: «На работу спазняемся. Ясна, дзядзя?» Білімаў толькі і паспеў сказаць услед гэтым людзям: «Ужо спазніліся».
   Што ні рабілі пасля: капалі канаўкі, на ўзмежках да слупкоў прымацоўвалі фанерныя шыльдачкі «Не тапчыце пасевы», «Беражыце хлеб», дзяжурылі, саромілі прахожых, двойчы нанава засявалі сцежку – не дапамагло. Часам здавалася, што сцежку не топчуць, а знарок упарта трамбуюць, па ёй пачалі ўжо ездзіць веласіпеды, мотаролеры, матацыклы.
   I тут зноў не стрываў старшыня, загадаў замест вырваных уначы шыльдачак напісаць новую: «Хлеб топчуць толькі свінні!»
   З пасёлка да Любашава рукой падаць, ёсць туды добра наезджаная дарога, і вядзе яна ад гарадской бальніцы ў канец вясковай вуліцы. Сцежка, пра якую ідзе гаворка, адкрывае ўжо трэці шлях у вёску. На ім, як падлічылі, пешаход выгадвае дзве хвіліны, усяго дзве. А як вымераць страты?
   Спецыялісты гавораць: на сцежцы ўтаптана ў зямлю больш за тысячу буханак хлеба. Больш за тысячу буханак! Што б сказалі пра нас абаронцы блакаднага Ленінграда? Страшна падумаць, што сказаў бы той, хто рэзаў тонкім ножыкам выняты з кавалка палатна пасляваенны бохан. Няўжо мы такія багатыя, каб спакойна глуміцца з Яго Вялікасці Хлеба? Няўжо мы такія блізарукія, каб не бачыць тых страшэнных сцежак, на якіх так бяздумна растрачваецца ўсенародны здабытак?
   Думайце, людзі, думайце...
(457 слоў)

Паводле В. Праскурава.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыХлеб для партызанаў

Пераказы, дыктантыХлеб

Пераказы, дыктантыХлеб

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Пераказы, дыктантыХлеб-соль