Сённяшні Навагрудак меў старажытную назву Наваградак. А яшчэ – Ноўгарад, Ноўгарадок, Новагарадок, Наваград.
Вучоныя-археолагі маюць доказы, што людское паселішча тут узнікла ў канцы дзясятага стагоддзя. Але чаму яго назвалі новым горадам? У параўнанні з якім ён новы? А мо на тым месцы даўным-даўно, яшчэ да нашай эры, ужо стаяў горад? Мо ён быў спалены ці разбураны ворагамі, а на яго месцы ўзнік новы – Наваградак?
Так ці не, але вядома, што сённяшні Навагрудак стаіць на гары, якая ўзнімаецца над узроўнем мора на 323 метры. Гэта самае высокае месца ў Беларусі. І з якога б боку ні ехаў сюды, адчуваеш, што ўздымаешся ўвысь, туды, дзе векавыя руіны вежаў былога замка, дзе цэрквы і касцёлы, сівыя камяніцы. Даўнейшыя брукаваныя, а цяпер ужо асфальтаваныя вуліцы з васьмі бакоў выводзяць на былую Кірмашовую плошчу.
З гары Замкавай узіраўся ў далячынь сваёй дзяржавы стваральнік Вялікага Княства Літоўскага кароль Міндоўг. Ён заклаў падмурак нашай дзяржавы.
Да скалечаных муроў замка прыходзіў паэт Адам Міцкевіч. Навакольныя краявіды натхнялі наваградца на паэзію, якая вывела яго ў геніі.
З высокага Навагрудка, здаецца, бачны ўвесь раён: і задумлівы бацька Нёман, і зялёны дыван Налібоцкай пушчы, і ўраджайныя палеткі, і ўсе сельскія населеныя пункты, і гарадскі пасёлак.
Нашы продкі былі б ашаломлены нашым жыццём: дарогамі і машынамі, камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі, дамамі і катэджамі, аграгарадкамі і школамі, бібліятэкамі і клубамі, музеямі і паркамі. У раёне адкрыты дзесяць радовішчаў цагельнай сыравіны, тры радовішчы мелу. Створаны і плённа працуюць васямнаццаць калгасаў, два саўгасы. На змену рамеснікам-кустарам прыйшлі сучасныя прадпрыемствы харчовай, лёгкай, металаапрацоўчай прамысловасці.
Старажытны горад Наваградак нанова перажывае сваю маладосць. І яго па праву можна перайменаваць у Новановаград.
(262 словы)
(У. Ліпскі)
Похожие статьи:
Пераказы → Радзіма Адама Міцкевіча
Пераказы → Навагрудак (Паводле У. Малішэўскага)
Пераказы → Высокая сталіца
Пераказы → Сведкі даўніны
Пераказы → Навагрудак