Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выратаваны чмель

   Пасля школы Янка вяртаўся з горада дадому, у сваю вёсачку, што была за лесам.
   Быў сонечны вясновы дзень. Слухаючы птушак і любуючыся на жоўтыя агеньчыкі кветак, ён непрыкметна наблізіўся да лесу і зайшоў пад зялёныя сасновыя шаты. Злева ад дарогі адкрылася вялікая паляна. У гэтым утульным лясным куточку амаль па-летняму грэла сонца, і хлопчык прыпыніўся. Тут панавала цішыня. Янку знячэўку выразна пачулася неспакойнае і непарыўнае гудзенне нейкага насякомага. Хлопчык прыгнуўся да зямлі і ў леташняй сухой траве пабачыў такое дзіва: вялікі бухматы чмель ніяк не можа ўзляцець, бо на спіне ў яго, на адным крыльцы, сядзіць мурашка, і чмель, хочучы ўзляцець, толькі бяжыць па зямлі з такім жаласлівым гудзеннем, што нельга яму не паспачуваць.
   Хлопчык падняў з зямлі ссохлую галінку і нахіліўся над чмялём, каб скінуць з яго пякучую мурашку. Але доўга не ўдавалася вызваліць крылатае насякомае ад бяскрылага, бо чмель не спыняўся, а ўсё бег і бег. Не ведаючы, як пазбавіцца ад ліха, чмель за лічаныя хвіліны перабег дарогу і накіраваўся на паляну насустрач сонцу. І толькі на паляне, ужо крокаў за пяць ад дарогі, хлопчык злаўчыўся і скінуў галінкай мурашку з крыльца чмяля.
   Вызвалены чмель імгненна ўзляцеў у паветра і паляцеў у сонечны бок паляны.
   Янка не мог здагадацца, што ж здарылася з чмялём: як мурашка апынулася ў яго на спіне? Пасля вярнуўся на дарогу, паглядзеў на лес. Тут, ля дарогі, побач з хвоямі, стаяла вярбіна, уся ў жоўценькіх пухнатых коціках, на якіх пчолы збіралі нектар. А па ствале, па галінках і коціках вярбы бегалі мурашкі. Хлопчык здагадаўся, што і той чмель прылятаў на гэту вярбу, збіраў нектар, але, захоплены такім заняткам, не заўважыў, як з вярбовага коціка на яго перапаўзла маленькая драпежніца і ўпілася ў яго тонкае і празрыстае крыльца... Хлопчык быў рады, што дапамог чмялю.
(291 слова)

 

Похожие статьи:

ПераказыЧмелік

ПераказыЧайка дапамагла

ПераказыХочацца дапамагчы

ПераказыГарэза і чмель

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Свая дапамога