У лесе было зацішна і нават цёпла. Паляўнічы пачуў, як насцярожана, глуха шуміць вецер недзе ў вершалінах. Недзе за спінай у лесе аднастайна і часта стукаў дзяцел. Імкліва праляцела чародка снегіроў, апусцілася на хмызняк ля рэчкі.
Вось тады паляўнічы і ўбачыў лісіцу на тым баку рэчкі. Яна бегла неяк бокам, распушыўшы хвост і нізка прыгнуўшы галаву. Лісіца мышкавала. Яна нічога не заўважала вакол і, не прадчуваючы бяды, набліжалася да рэчкі.
«Чакай жа, галубачка, я цябе заманю бліжэй», – падумаў паляўнічы і крадком пайшоў у хмызнякі. Там ён прыладзіўся між дзвюх хваін і пачаў пасвістваць, пераймаючы мышыны піск.
Лісіца доўга не звяртала ўвагі на папіскванне, пасля пайшла ў яго бок, прыпадаючы да зямлі і нюхаючы паветра. Час ад часу яна спынялася. Але паляўнічы ведаў, што яе ахапіў азарт. Цяпер лісіца не адступіцца, пакуль не знойдзе мыш.
Праз заснежаныя лапы хваін паляўнічы добра бачыў лісіцу. Вось яна падышла да берага рэчкі, навастрыла вушы. Паляўнічы зноў ціхенька піскнуў. Лісіца неяк здзіўлена задрала вострую мордачку. Яна не магла зразумець, чаму мыш пішчыць уверсе. І раптам сустрэлася чорнымі вачыма з вачыма чалавека, замерла, з цікавасцю прыглядаючыся да гэтага дзіва. Паляўнічы бачыў у лісіных вачах толькі цікаўнасць. Так, вочы ў вочы, яны глядзелі адно на аднаго некалькі імгненняў. Паляўнічага разабраў смех.
– Здарова, рыжая, – сказаў ён. – Як маешся? Гуляеш?
Лісіца кінулася ўцякаць.
(217 слоў)
(Паводле А. Асіпенкі)
Похожие статьи:
Пераказы → Ліса-прыгажуня
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ліса-калядоўшчыца
Пераказы → Мядзведзевы боты
Пятрусь Макаль → Пятрусь Макаль - Воўк і ліса
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Жураў і лісіца