Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Выдра правучыла

   Мікалай нарадзіўся ў вёсцы ля вярхоўя Нёмана. Добра плаваў, ныраў, лавіў рукамі рыбу. Быў ён у дзяцінстве сціплым, ціхім. А вырас, аб’ездзіў паўсвету мараком і стаў задавацца.
   – Што твой Нёман? Раўчук! У ім толькі жабы ды печкуры водзяцца! Я ж кітоў у акіяне за хвост лавіў, на чарапахах ездзіў вярхом! Акул за хвост на палубу выкідваў! – пахваляўся ён.
   Можа, і да сённяшняга дня так бы хваліўся Мікалай, каб не збіла з яго гонар выдра.
   Выдра захапілася на паляванні і далёка адплыла ад свайго гнязда. Не агледзелася, як пачаўся дзень. А тут яшчэ рыбакоў назбіралася шмат. Яна і рашыла пераседзець да ночы ў адной з запасных схованак, дзе не раз хавалася ў час небяспекі.
   Крык, смех набліжаліся да яе. Выдра сцішылася і пачала чакаць. А невад раптам зачапіўся за палена і спыніўся.
   Адзін з рыбакоў нырнуў, каб вызваліць невад. Яго рука мільганула ля самай морды выдры, яна ад страху нават вочы заплюшчыла. Калі ж расплюшчыла іх, убачыла, што невад пайшоў далей, а рыбак усплывае наверх.
   «Яшчэ трохі пачакаю, – думала выдра, – і можна плысці да берага. Больш так далёка ад гнязда заплываць не буду! Лепш сядзець у сваёй нары паміж каранямі пяцісотгадовага дуба. А тут калаціся ад страху».
   Выдра высунула галаву і хацела плысці, як ля нары пачуліся ўсплёск вады і галасы.
   Выдра насцярожылася. Мікалай (а гэта быў ён) вадзіў рукамі прама каля яе носа, і яна ледзь паспела адсунуцца. Але раптам выдру прыціснулі да палена дужыя рукі, пацягнулі ўверх. Выдра страпянулася і кіпцюрамі драпнула марака па жываце, грызанула зубамі за грудзі.
   Рукі аслабелі. Звярок выскачыў наверх, глытнуў паветра і зноў схаваўся ў ваду. Мікалай жа, белы як палатно, вынырнуў з вады. Па жываце і грудзях цяклі чырвоныя ручайкі, фарбавалі мокрае цела.
   На беразе рыбакі перавязвалі Мікалая, жартавалі, каб быў больш асцярожным, бо выдра магла і вочы павыдзіраць.
   – Надумаўся рукамі драпежніцу злавіць! – гаварылі рыбакі. – Гэта табе не акул за хвост на палубу выкідваць!
   І Мікалай перастаў хваліцца. Ледзь што, не выцерпіць хто-небудзь і папросіць расказаць, як ён з акіяна акул за хвост выкідваў, а ў Нёмане выдру рукамі лавіў.
(340 слоў)

 

Похожие статьи:

Янка ГалубовічЯнка Галубовіч - Сустрэча з выдрай

ПераказыВыдрын гасцінец

ПераказыВыдра падвяла