Паводле Георга Зімеля, нямецкага філосафа, у свеце зрокавых вобразаў не існуе нічога, што падобна да твару чалавека. Вочы і пагляд маюць вялікае значэнне, асабліва ў жывапісе. Вочы перадаюць адухоўленасць асобы. Гэта сапраўды "вокны душы". Праз вочы перадаецца псіхалагічны стан чалавека, у іх адбіваецца кожная падзея, перажыванні, унутраны стан чалавека. Імпульс вачэй, пагляду даносіць да нас магутную сілу духу.
Вочы бываюць розныя. Далікатная, вытанчаная прыгажосць міндалепадобных вачэй патрабуе ў малюнку дакладнасці ліній, плаўнасці і мяккасці формы. Інакш трэба маляваць выпуклыя вочы, зусім па-іншаму – вочы, якія глыбока пасаджаны ці "праваліліся", а яшчэ ж ёсць круглыя вочы… І нават квадратныя! Вядома, апошнія – умоўнасць, ужытая мастаком, каб у грубай форме перадаць пэўныя характарыстыкі асобы. Вочы ў праменьчыках маршчынак або ў атачэнні глыбокіх маршчын-разорак, або з мяшкамі, прыпухлымі павекамі. Вочы з вузкім разрэзам, як бы прыплюснутыя на твары, і г. д. Кожны народ мае свае этнічныя адметнасці тыпу вачэй – разрэз, форма, колер, прапарцыянальныя суадносіны з астатнімі часткамі твару.
Вочы мастаку пазнаваць усё сваё жыццё. Вочы чалавека, засяроджанага ў сабе, вочы пустыя, напружаныя. Вочы шчаслівыя, пахмурныя, трагічныя, насмешлівыя, жорсткія, какетлівыя. Вочы закаханыя, гнеўныя, заклапочаныя, хітрыя, разумныя або бязглуздыя, лагодныя або калючыя, спагадныя або асуджальныя. Вочы жывыя або мёртвыя… Пералік характарыстык вачэй, пагляду – бясконцы.
Асобнай увагі патрабуюць вочы дзіцяці, у іх форме, тым, як пасаджаны на твары, іншых адметнасцях закладзены ўжо ад прыроды важныя індывідуальныя характарыстыкі будучай асобы.
Вочы жанчын – асаблівыя, непаўторна прыгожыя і какетлівыя. Зачароўваюць сілай імпульсу жаноцкасці, самой сутнасці жанчыны. Ва ўсіх праявах раскрываюць глыбокі прыродны дар, загадкавасць і невыказнасць пачуццяў. Унікальная па сваёй сіле жаноцкасці, ідэалізацыі "Джаконда" Леанарда да Вінчы, створаная прыкладна ў 1510-1515 гадах. Вочы "Джаконды" – насмешлівыя і высакамерныя, у іх прыцягальная сіла і разбуральная недаступнасць.
(297 слоў)
Паводле В. Альшэўскага
Похожие статьи:
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Твае вочы
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Вочы Твае