Вельмі люблю восень, залатую стракатую пару.
Асабліва той час, калі пасля першых начных прымаразкаў ад галін пачынае адрывацца зжоўклае лісце і ападаць нячутна долу.
Проста дзіўна, якая тады стаіць незвычайная цішыня. І толькі лісце, чапляючыся гучна за галіны, парушае яе нязвыклым звонам. Калі ж я чую, як яно чапляецца за апошнюю надзею ўтрымацца, то шчымлівым болем заходзіцца маё сэрца. Нячутнай хваляй падкочваецца няясная туга па нечым светлым, шчаслівым, але нязбыўным.
І тады я кідаю ўсё і спяшаюся на спатканне з лесам. Там я чуйна слухаю, як коціцца стракатым колам па зямлі шчымлівы лістапад. Як у промнях зыркага сонца пераліваецца жаўталісце. У нейкі момант я не вытрымліваю і ад прыліву шчымлівага пачуцця падаю на лісцяную пярыну. Ляжу доўга, не варушуся, баючыся парушыць душэўнае суладдзе. Хочацца, каб лісцяны дождж абрынуўся на мяне і зацерусіў усяго-ўсяго. Каб нада мною вырас агромністы жоўты стог і схаваў ад клопатаў і трывог.
Я ляжу, раскінуўшы рукі і ногі. Нада мною крона магутнага дуба. У густым спляценні яго карункаў я бачу рассечанае на мільёны асколачкаў сонца. Не магу глядзець на яго, зажмурваюся. Мне здаецца, што лячу ў бязважкасці, а насустрач мне ляцяць зоркі, якімі ўсыпана неба.
Восень, восень…
(192 словы)
Паводле А. Бароўскага
Похожие статьи:
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
В → Восеньскія песні
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...