Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Восеньскім днём

   Дзень шэры і сонны. Трава сыраватая, але без расы. Лес сустракае прыцемкам і дрымотнай цішынёй. Маўчаць дрэвы, маўчаць птушкі. Толькі дзесьці дудукае ў сухі сук-барабан дзяцел.
   Цёпла і парна. Аднекуль моцна пахне адсырэлымі сушанымі грыбамі. Мо з вавёрчыных прыпасаў? Імжыць морась. Гэта яшчэ не дождж, але паглядзіш угору – твар становіцца мокрым.
   Дажджынкі малюсенькія, нібы працэджаныя праз сіта. То адзін, то другі лісток на асіне, назбіраўшы ў чырвоную далоньку кропель, паварочваецца на чаранку. І дурасліва вылівае кроплю на ніжэйшы лісток. «Ух…» – скаланецца той ад холаду і скідвае кроплю яшчэ ніжэй. А каторы і не вытрымлівае цяжару лішняй кроплі. Адрываецца лісток і ляціць, кружыцца, куляецца ўніз. «Лоп-лоп-лоп…» – лапочуць кроплі ў лісці. Усё часцей, усё часцей.
   А што там, каля пня, у гушчары? Шэрае, круглае… Мо вожык затаіў дых ці заяц вырашыў перачакаць дождж? Прадзіраюся туды… Кожная ялінка, кожны куст стараюцца сыпануць на твар, на рукі, за каўнер жменю халодных кропель: «А-та-та… А-та-та…»
   Не вожык гэта, а грыб! Грыб-баран, шчасце грыбніка. Мо кілаграм вагою, памерам з валейбольны мяч. Разглядваю гэта дзіва: грыб падобны крыху да суквецця каляровай капусты і крыху да зросткаў дзясятка- другога смаржкоў.
   Рэдкі грыб нашых лясоў. Мала хто асмеліцца браць яго. Хутчэй за ўсё падкалупне, паб’е… Спыніцеся, што вы робіце?! Такі смачны, такі чысты, а вы ў глум яго!
   А як крыўдна бывае часам за грыбніка, калі ён душыць нагамі цэлыя россыпы грыбоў- дажджавікоў. А што за смаката гэтыя грыбы!
   Дождж не спыняецца. Вылажу з-пад яліны, іду дахаты. Кірунак знаходжу па мурашніках – іх насыпаюць мурашкі заўсёды з паўднёвага боку дрэў. Па моху – ён заўсёды расце на камнях з паўночнага боку. Заблудзіцца ў лесе цяжка.

Паводле П. Місько

 

Похожие статьи:

Алесь СалавейАлесь Салавей - Восень

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

ВВосеньскія песні

Ніна МацяшНіна Мацяш - Восень

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...