Кастравіцкі прыехаў да возера ў канцы ліпеня, у гарачы, напоўнены сонечным бляскам дзень. Ён ніколі не быў тут раней, але многа наслухаўся пра даброты адпачынку ў тутэйшых мясцінах, ціхіх, мала кранутых з-за далечыні ўвагай дачнікаў і ўсіх тых, хто рвецца летам з мітусні гарадоў на прыроду. Возера сапраўды было цудоўнае – вялізнае сярэбранае люстра ў зялёнай аправе сасновых бароў. Але асаблівай цішыні не было, бо дачнікі і турысты на адлегласць, відаць, не зважалі. Па ўзбярэжжы пад соснамі стаялі палаткі, а найчасцей проста машыны, у якіх спалі ноччу іх уладальнікі, з раніцы дымілі ў лесе кастры вясёлага, бесклапотнага табару гараджан.
Па дамоўленасці з навукова-даследчым інстытутам Кастравіцкаму далі пакойчык на біястанцыі, абсталяванай для назіранняў над рэжымам возера. Побач з біястанцыяй размяшчаўся спартыўны лагер студэнтаў, і яны, загарэлыя да колеру бронзы, цэлы дзень галёкалі на беразе, перакідваючыся мячом, у абдымку – хлопцы і дзяўчаты – вандравалі па прыбярэжным пяску ці купаліся, падскакваючы ў вадзе, як дэльфіны, і агалошваючы наваколле вясёлымі выгукамі.
З сабой Кастравіцкі прывёз цэлае бярэмя кніг, добрых, чытаных яшчэ ў юнацкія гады і цяпер напаўзабытых, памятных толькі па тым пачуцці, якое некалі выклікалі. Толькі два ці тры разы на дзень ён падымаўся купацца, вада была халодная і празрыстая, як ранішняя раса; у возера ўпадала толькі маленькая рачулка, адна яна не магла яго напаіць, але ўзровень не паніжаўся нават у гэты спякотлівы месяц, калі мялеюць буйныя рэкі.
(222 словы)
Паводле І. Навуменкі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Навальніца на возеры
Пераказы, дыктанты → Лясное возера (Паводле Я. Коласа)
Пераказы, дыктанты → Самае глыбокае возера
Пераказы, дыктанты → Возера (Паводле Ф. Казлоўскага)
Пераказы, дыктанты → Свіцязь