Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вожык (Паводле У. Ягоўдзіка)
Варыянт 1 (65 слоў)
Хто не ведае вожыка? Вось дык дзіўны шавец! На спіне шмат іголак, а шыць не ўмее.
Жыве вожык ва ўсіх мясцінах нашай Беларусі. Яго можна сустрэць у садзе, парку, каля хлява свойскай жывёлы. Вожык не спяшаецца ўцякаць, калі сустрэць яго на сцяжынцы. Звярок натапырыць свае вострыя калючкі і сярдзіта пыхкае. А пасля згорнецца ў клубок. Не шмат знойдзецца ахвотнікаў пагуляць з такім калючым мячыкам.
Варыянт 2 (161 слова)
Вожыкі жывуць ва ўсіх мясцінах Беларусі. Іх можна сустрэць у садзе, парку, непадалёку ад хлява для свойскай жывёлы. Гэта адзін з самых адважных звяркоў. Ён не спяшаецца ўцякаць, калі сустрэне каго-небудзь на сцяжынцы. Натапырыць свае вострыя калючкі і сярдзіта пыхкае. Калі ж крыўдзіцель нападзе, звярок умомант згорнецца ў клубок. Няшмат знойдзецца ахвотнікаў пагуляць з такім калючым мячыкам.
Вожык – смелы паляўнічы. Ён знішчае шкодных жукоў, слімакоў, бурыць мышыныя і кратовыя гнёзды. Ніколі не абміне гадзюку. Змяя ўмела бароніцца, але вожыка надзейна засцерагаюць вострыя калючкі.
Вожыкі нараджаюцца з іголкамі. Аднак напачатку яны мяккія і белыя. Замест іх праз два-тры тыдні вырастаюць цёмныя і калючыя. Вожычыха старанна даглядае сваіх дзяцей, водзіць іх за сабою амаль цэлае лета.
Малако для вожыка – самы смачны ласунак. Сподачкам сырадою звярка лёгка прыручыць. Але малако шкодзіць вожыкаваму здароўю, калі наліваюць яго шмат.
Найлепш звяроў і птушак зусім не прыручаць і не рабіць ім ніякай крыўды. Тады яны заўсёды будуць жыць з намі ў блізкім суседстве і добрай згодзе.
Варыянт 3 (110 слоў)
Вожык жыве ва ўсіх мясцінах Беларусі, а найчасцей у лесе. Некаторыя не цураюцца жыхарства ў горадзе ці вёсцы. Іх можна ўбачыць у садзе, парку, каля хлява свойскай жывёлы.
Вожык вельмі адважны звярок. Ён не спяшаецца ўцякаць, сустрэўшы каго-небудзь на сцяжынцы. Натапырыць свае вострыя калючкі і сярдзіта пыхкае. Баронячыся ад нападу, звярок згортваецца ў клубок. Няшмат знойдзецца ахвотнікаў пагуляць з такім калючым мячыкам.
Вожык – самы адважны паляўнічы. Шмат знішчае ён шкодных жукоў, слімакоў, бурыць кратовыя норы. Асабліва зацята змагаецца з паўзучымі гадамі. Ніколі не абміне гадзюку. Ён спачатку імкнецца пашкодзіць, перакусіць ёй хрыбет. Гадзюка ўмела бароніцца, пагрозліва сыкае, стараецца ўкусіць звярка. Вожыка надзейна бароняць вострыя калючкі, і ён звычайна перамагае.
Паводле У. Ягоўдзіка
Похожие статьи:
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Колькі ў вожыка калючак
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Казка пра смелага вожыка
Пераказы, дыктанты → Вожык (Паводле Я. Брыля)