Валерка заўважыў раптам нешта чырвонае. Глянуў, прыгледзеўся і знерухомеў ад уражання! Стуленая падкурчанымі лістамі папараці, расла дзіўная, ніколі не бачаная расліна з надта ж дзіўнай кветкай. Каму, як не пераможцу абласной алімпіяды вызначыць від расліны?
Што ж гэта за расліна, якая мае кветку з чатырма пялёсткамі ружовага, амаль чырвонага колеру, а пяты пялёстак у выглядзе ўздзьмутай губы? На выгляд уся кветка выглядае як бахілы якія.
«Бахілы? Хм…»
Дык гэта ж – венерыны чаравічкі! Тая самая надзвычай рэдкая, дзівосная расліна, што занесена ў Чырвоныя кнігі ўсёй Еўропы… Бачыў жа на малюнках, а вось зараз і жыўцом. Харошая якая, свежая, бессаромная!
Над кветкай таўкліся камары, віліся дробныя мушкі. Ад кветкі выразна пахла цукеркамі. Вось дзелавітая пчала ўлезла ў кветку. Валерка ведаў з кніг, што нектару ў венерыных чаравічкаў няма – так распарадзілася прырода. Пчала аблазіла сярэдзіну кветкі, нічога там не знайшла, замітусілася – па слізкіх пялёстках праз верх ёй не выбрацца. Паспрабавала ўзляцець, ударылася крыламі аб краі, скацілася на дно, раззлавана забзыкала, папаўзла па дне. Інстынкт самазахавання штурхае яе да пошукаў выйсця, а яно там, дзе пялёстак-губа прымацавана да кветаложа. Выйсце цеснае, але пчала прашчамілася, вырвалася на волю. Ашалелая ад радасці, што ўсё так хутка скончылася, імкліва ўзляцела. Валерка ведаў (а юннат ён яшчэ той!), што калі пчала праціскалася праз цеснае выйсце, то ўмазалася ў пылок. Панясе ў вулей ці ў калоду, пчолы патруцца з ёю і перанясуць пылок на іншыя венерыны чаравічкі. Так разумная, мудрая прырода прыдумала спосаб апыляць саму сябе.
(237 слоў)
(Паводле А. Наварыча)
Похожие статьи:
Янка Журба → Янка Журба - Дзяўчынка і кветкі
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гарлачык
Міхась Зарэцкі → Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Пераказы, дыктанты → Суквецце ў форме згубы