Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Веліканы

   Вось што я вам раскажу, браце.
   Гэта цяпер людзі здрабнелі. Даўней яны былі такія вялікія, што ледзь-ледзь не раўняліся з лесам. Кажуць, што яшчэ нядаўна дзе-нідзе трапляліся такія веліканы, але гэта толькі, можа, адзін на ўсю акругу. А раней усе людзі былі такія вялікія і таму вельмі дужыя. Толькі вось бяда: не ведалі яны, куды дзець сваю гэтую сілу.
   Менавіта гэтыя веліканы пракапалі рэкі, панасыпалі горы ды параскідалі ўсюды па свеце вялікае каменне, якое і цяпер трапляецца дзе-нідзе на полі ці ў лесе. Бывала, набяруць яны гэтага камення агромністага, бы валы. Потым як шыбануць яго ўгору. Паляціць яно так высока, што аж схаваецца з вачэй. А то, бывала, пойдуць веліканы борацца ці мерацца сілай адзін з адным. Б’юцца, дуб’ё рвуць, аж зямля стогне. Гэта яны так павытоптвалі зямлю, так пааралі яе карчамі, што і да гэтага часу на тых месцах стаяць азёры ды рэкі.
   Не было на зямлі нікога, хто б мог з веліканамі памерацца сілаю. Вольна хадзілі яны сабе па свеце ды сваволілі. Ведама, калі чалавек нікога не баіцца, калі над ім няма ніякай улады, то ён пачне дурэць, пачне рабіць ліха. Так і тыя веліканы. Пачалі яны губіць на зямлі ўсялякую жывёлу і ўсялякую расліну ды ў неба шыбаць каменнем.
   Не сцярпеў Бог і за такія справы пакараў веліканаў. Пачалі яны розум губляць і лбамі разбіваць каменныя горы. Так большасць іх загінула, а рэштку Бог абярнуў у звычайных людзей.
   Але яшчэ да гэтага часу знаходзяць косці тых веліканаў. Дык у іх падушачка маленькага пальца чуць не касы сажань. Вось якія то былі веліканы!
(256 слоў)

Паводле А. Гурскага