Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ваяўнічыя бабры

   Жнівень тая пара, што замыкае лета. Усё паступова змяняе свой зялёны колер, набывае шмат прымет восені. Ужо ніхто не дзівіцца, убачыўшы жоўта-залацістыя лісткі на дрэвах. Ды і раніца настае пазней. Ночы сталі халаднейшыя. Як толькі сядзе за далёкі лес сонца, па траве ад балота ці ракі белымі пасмамі паўзе халодны туман. Праз якую гадзіну ён залівае паплавы, ахутвае лозы і стагі сена, нібы іх там і не было.
   Як прыгожа такой ноччу над ракой Бярозай або на Прыпяці! Па белым моры туману чорнымі астравамі нібы плывуць вершаліны вялізных дубоў. Высока паміж зорак на белае мора начнога туману пазірае ружаваты месяц. Побач шырока раскідала свае зоркі Вялікая Мядзведзіца.
   Утульна, па-сяброўску грэе рыбацкае цяпельца. Збоку, праз туман, той агеньчык здаецца яшчэ адным месяцам, што апусціўся на зямлю. Час ад часу рыбак ці паляўнічы паглядае на Вялікую Мядзведзіцу. Памалу доўгая ручка каўша паварочваецца дагары – значыць, хутка пачне світаць. Побач, па вадзе, плывуць хвалі, нешта ледзь чутна шапочуць з-пад туману.
   Начны працаўнік бабёр спяшаецца ўпоцемку закончыць сваю работу і схавацца ва ўтульную нару. Яна пабудавана адмыслова. У высокім беразе з-пад вады бабёр капае ход, што вядзе ўверх. Вышэй узроўню вады бабёр робіць круглую пячору. Гэта і ёсць ягоная хатка. I не толькі хатка, але і "крэпасць". З-пад вады сюды ніхто не дабярэцца. Кожная сям’я баброў мае побач дзве-тры запасныя нары.
   Калі хто думае, што бабры – баязліўцы, дык гэта зусім не так. Яны асцярожныя, але не баязлівыя звяры. Аднойчы здарылася так: у вялікім лазовым кусце сабака знайшоў дзірку ў бабровае жытло. Сабака аж хрыпеў ад злосці. Калі ж усунуў праз дзірку галаву, усе слабейшыя, бабрыха і дзеці, уцяклі, а бабёр застаўся ахоўваць ход у ваду. Калі сабака сам улез у памяшканне, бабёр выставіў яму наеустрач такія зубы, што таму толькі і засталося брахаць ад злосці.
   Жыў над Бярозай мясцовы рыбак Сямён. Ён добра лавіў рыбу ў сетку, часцей за ўсё рабіў гэта ноччу. I аднойчы трапіў у сетку бабёр. Калі рыбак стаў вызваляць яго адтуль, прытрымліваючы раз’юшанага бабра вяслом, той з аднаго разу наскрозь прарэзаў вясло зубамі.
   Бабры – грызуны. Харчуюцца карой кустоў і дрэў, а таксама некаторымі травамі і іх карэннем. Ніякага мяса не ядуць, але, калі трэба, смела ідуць у бой нават з драпежнікамі. Стары паляўнічы аднойчы знайшоў на лёдзе вялікую мёртвую выдру. Па слядах было відаць, што яна змагалася з бабром. Ён перамог і пайшоў пад лёд жывы, хоць і паранены. Гэта дзіўна, бо выдра – звер спрытны і дужы, ды і зубы ў яе, як ва ўсіх драпежнікаў, моцныя.
   Завяршаецца апошні летні месяц – жнівень, робіцца з зялёнага жаўтаватым. Патроху ападае пажоўклае лісце, але гэта яшчэ не лістапад. Гэта дрэвы пазбаўляюцца ад апошніх лістоў, каб вільгаць, што пераносіцца з карэння ў галіны, не выпарвалася сонцам. У канцы месяца па барах зацвітаюць верасы. Прыемна прайсціся па такім лесе ў сонечны дзень.
(458 слоў)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКастрычнік

Пераказы, дыктантыПрадвесне

Пераказы, дыктантыБелая студзеньская казка

Пераказы, дыктантыЛіпень

Пераказы, дыктантыЗвяркі-перасяленцы