У свеце існуе больш за пяцьсот відаў валошак самых розных колераў: блакітныя, сінія, ружовыя, жоўтыя, белыя, ліловыя. Але для беларусаў самай вядомай і звыклай з’яўляецца валошка сіняя. Яна лічыцца нашай нацыянальнай кветкай, адным з сімвалаў Беларусі. Ёй прысвячалі вершы Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і многія іншыя беларускія паэты. Узор валошкі вышываюць на ручніках, абрусах, хустках.
Гэтая кветка лічыцца пустазеллем у хлебным полі. Аднак ніхто не назаве яе шкоднай ці непатрэбнай. Блакітныя зорачкі валошак цудоўна аздабляюць летні пейзаж. Здаўна з пялёсткаў валошкі рабілі сінюю фарбу. А яшчэ валошка – вядомая лекавая расліна. Яна дапамагае вылечыцца ад прастуды, хвароб скуры, вачэй, печані, нырак, нерваў.
Людзі так палюбілі гэтую сціплую кветку, што сталі спецыяльна вырошчваць яе. Кветкаводы вывелі некалькі відаў валошак, якія нагадваюць сінюю жытнёвую валошку. Цяпер палянкі з гэтых кветак можна ўбачыць на газонах і клумбах.
(136 слоў)
(Паводле П. Грынчанкі, А. Церашковай)
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Пераказы → Зязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)
Міхась Зарэцкі → Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гарлачык
Янка Журба → Янка Журба - Дзяўчынка і кветкі