Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ваверчаня
Аднойчы ў хату зайшоў ляснік. Ён трымаў шапку, у якой нешта варушылася. «Ваверчанят прынёс, – сказаў ён, – сіротамі засталіся. Маці ястраб схапіў.
Ваверчанятам не было і месяца. Рыжанькія, з чорнымі бусінкамі вачэй, яны поўзалі па стале, пры гэтым смешна пішчалі. Толік узяў адно ваверчаня сабе. Піць малако з місачкі яно адмовілася. Прыйшлося паіць з піпеткі. Для жылля звярку хлопец выкарыстаў скрынку з-пад абутку.
Расло ваверчаня не па днях, а па гадзінах. Хутка стала самастойна піць малако з міскі. Кожны дзень яно здзіўляла сваімі паводзінамі. Яго жыццёвая прастора ўжо не абмяжоўвалася толькі скрынкай. Ваверчаня падарожнічала па ўсім пакоі і на ўсіх прадметах пакідала сляды вострых кіпцюроў. Але ж ці можна было крыўдзіцца на яго?
І вось наступіла вясна. Аднойчы, калі Толік адчыніў фортку, ваверчаня прашмыгнула ў сад. Спахапіўся ён праз паўтары гадзіны. Шукаў дома, у садзе, але дарэмна. Ваверчаня знікла. У двары ў іх стаяла вялікая таполя. Вяршыня яе была зламана бурай. Буслы змайстравалі там гняздо, а на галінах і ў дуплах было многа гнёздаў. Ужо днём на гэтай таполі хлопец і знайшоў ваверчаня. Спачатку ён убачыў, як хваляваліся і неспакойна крычалі раздражнёныя птушкі. Яны, відавочна, ад кагосьці абаранялі свае гнёзды. Там, на суку, сядзела спалоханае ваверчаня. Яно прыціснулася да дрэва. Калі хлопец дастаў яго, ваверчаня прынікла да яго грудзей і дрыжала ўсім цельцам.
Прыйшло лета. Усё цяжэй станавілася ўтрымаць вавёрку ў кватэры. Таму часта звярка ў клетцы выносілі ў сад. Аднойчы раніцай убачылі побач другую вавёрку. Хлопец адчыніў клетку. Ужо праз паўгадзіны шчаслівыя вавёркі ганяліся адна за адной па дрэвах у садзе. А потым яны зніклі.
Прайшло больш за год. Стаяў лістапад. Наступілі першыя замаразкі. Аднойчы дзеці заўважылі на дрэве вавёрку, якая злосна цокала на птушак. Затым яна спусцілася, дазволіла ўзяць сябе на рукі. Узрадаваныя дзеці пасадзілі яе ў клетку, паклалі туды хлеба, цукру, жалудоў. Вавёрка спакойна ела. А праз дзень яна ўцякла. А Толік падумаў, што гэта былая яго выхаванка ўспомніла пра свайго гаспадара.
(315 слоў)
Похожие статьи:
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Вавёрка
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вавёрка