Бярозка падрасла, выцягнулася, пастрайнела, густа раскінула вецце. Раніцай Люда перш за ўсё кідала позірк на бярозку, вітаючыся з ёй, як з сяброўкай, і заўважала, як дзень за днём вясна мяняе яе выгляд. Яшчэ ляжаў снег і дні былі пахмурныя, а на голлі бярозкі, адчуўшы вясну, жвавей заварушыліся вераб’і і сініцы. Яны прыхарошваліся, безупынна гаманілі.
Бярозка пацямнела спярша, акрэслілася кожная галінка на ёй, потым выпусціла кволыя шэра-жоўтыя завушнічкі. Ад гэтага ўсё дрэўца асвятлілася мяккім, празрыстым ззяннем. Мінула яшчэ колькі дзён, і аднойчы, зайшоўшы ў пакой, Люда застыла ў захапленні: яркая, пяшчотная зеляніна прыбрала бярозку, яна закрасавала і кожным лістком выпраменьвала прыгажосць вясны.
Як і штогод, вясна прыйшла ў магутным гуле паводак, у серабрыстым шуме ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў, у шаўкавістым шапаценні першай зеляніны на пожнях. Сонечнымі ключамі яна адамкнула дзверы цёплым вятрам з поўдня, і яны панеслі па прасторах неўгамонную яе сілу, перад якой скарылася зіма, паспешліва адступіла з лютымі маразамі, сіверам, завеямі.
(153 словы)
Паводле Т. Хадкевіча
Похожие статьи:
Пераказы → Бяроза белая
Іншае → Уладзімір Юрэвіч - Бярозчыны валёнкі
Пераказы → З гісторыі «Бярозкі»
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ
Пераказы → Бярозка на балконе