Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Бярозка на балконе
Варыянт 1 (267 слоў)
Іван распакаваў невялікі дарожны чамадан і выйшаў на прасторны балкон санаторыя. Высока над зямлёй насіліся хуткакрылыя ластаўкі. Вялікім ружовым шарам кацілася за густую сцяну лесу сонца. І ластаўкі ў небе, і захад сонца радавалі сэрца. «Нарэшце пасля дажджлівага тыдня ўсталюецца надвор’е», – падумаў Іван і павярнуўся, каб ісці ў пакой. Але не паспеў зрабіць і кроку, як замёр ад здзіўлення. У кутку балкона расла бярозка. Іван падышоў бліжэй да дрэўца, замілавана дакрануўся да цёмна-зялёных лісцікаў і здзівіўся яшчэ болей. Тоненькі стволік маладзенькай бярозкі браў свой пачатак з невялікай шчылінкі ў бетоне.
Як трапіла на балкон бярозка? Іван ведаў, што восенню, калі ападаюць з дрэва лісты, разам з імі ляціць і бярозавае насенне – лёгкі самалёцік з двума малюсенькімі крыльцамі-парашуцікамі. Ветрык-гарэза падхоплівае самалёцік, і плыве ён над лясамі, палямі, аж пакуль не апусціцца на новую мясціну. Там, дзе ўпала насенне, вырастае бярозка.
Вось так і апынулася бярозка на балконе. Насенне яе трапіла ў шчылінку. Але колькі спатрэбілася бярозцы сілы і мужнасці, каб замацавацца ў бетоне сваімі каранямі! Бярозка шалясцела лісцікамі, а Іван стаяў і не мог налюбавацца ёю.
Вечарам, калі пачало цямнець, узняўся вецер. Яркімі зігзагамі распорвалі неба бліскавіцы, грукацеў гром. Дождж ішоў цэлую ноч, ліў як з вядра. Такой навальніцы гэтым летам яшчэ не было.
Усю ноч стукалася ў акно бярозка, спалоханая моцнымі перунамі і ліўнем. Калі час ад часу неба падсвечвалася асляпляльна-яркімі маланкамі, было відаць, як па кары ручайкамі каціліся слёзы.
Іван думаў, што бярозка не вытрымае гэтай цяжкай і жудаснай ночы. Але раніцаю, калі расчысцілася ад хмар неба і сціхла навальніца, дрэўца зноў засвяцілася радасцю. Весела зашалясцелі лісцікі, абтрасаючы з сябе апошнія кроплі навальніцы.
Варыянт 2 (162 словы)
Янка выйшаў на балкон. Высока над зямлёй насіліся хуткакрылыя ластаўкі. «Нарэшце пасля дажджлівага тыдня ўсталюецца надвор’е», – падумаў хлопец і павярнуўся, каб ісці ў пакой. Але замёр ад здзіўлення. У кутку балкона расла бярозка. Янка замілавана дакрануўся да цёмна-зялёных лісцікаў і здзівіўся яшчэ болей. Тоненькі стволік бярозкі браў пачатак з невялікай шчылінкі ў бетоне.
Янка ведаў, што восенню, калі ападаюць з дрэва лісты, разам з імі ляціць і бярозавае насенне – лёгкі самалёцік з двума крыльцамі-парашуцікамі. Ветрык-гарэза падхоплівае самалёцік, і плыве ён над лясамі, палямі, пакуль не апусціцца на новую мясціну. Там, дзе ўпала насенне, вырастае бярозка.
Вось так і апынулася бярозка на балконе. Але колькі спатрэбілася ёй сілы, каб замацавацца там сваімі каранямі!
Вечарам узняўся вецер. Яркімі зігзагамі распорвалі неба бліскавіцы, грукацеў гром. Усю ноч стукалася ў акно бярозка, спалоханая перунамі і ліўнем.
Янка думаў, што бярозка не вытрымае гэтай жудаснай ночы. Але раніцаю, калі сціхла навальніца, дрэўца зноў засвяцілася радасцю. Весела зашалясцелі лісцікі, абтрасаючы апошнія кроплі навальніцы.
Паводле Я. Галубовіча
Похожие статьи:
Іншае → Уладзімір Юрэвіч - Бярозчыны валёнкі
Ядвігін Ш → Ядвігін Ш. - Бярозка - ГДЗ