Ёсць асаблівы майскі дзень, калі распускаецца бярозавая лістота. У гэты дзень у паветры пяшчотна пахне зелянінай.
Бяроза – адно з самых прыгожых дрэў. Яна адзіная ў свеце мае белую кару. Пакладзі на яе далонь у спякотны дзень. Адчуваеш прыемны халадок? Дрэва магло б лёгка атрымаць сонечныя апёкі, калі б не гэта кара. Белы колер бяроза набыла праз бетулін, які ўтрымліваецца ў кары. Назвалі яго так таму, што бяроза на латыні завецца бетула.
Вясной бяроза калыша на галінках аксамітныя завушніцы. Летам яны выспяваюць і рассыпаюцца на лятучае насенне з крылцамі. Вецер разносіць яго вельмі далёка.
У народзе бярозу паважаюць. Яе драўніну выкарыстоўваюць у будаўніцтве, з бярозы вырабляюць фанеру і мэблю, здабываюць метылавы спірт і воцат. На бярозавай кары расце грыб чага, з якога робяць каштоўныя лекі. А кісла-салодкі бярозавік выдатна наталяе смагу.
(131 слова)
Паводле Х. Гурыновіча
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Як сасна з бярозай пасябравала
Данута Бічэль-Загнетава → Данута Бічэль-Загнетава - Бяроза
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Дзве бярозы
Пераказы, дыктанты → Бяроза белая
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Сасна і бяроза