Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Бушавала полымя гневу
У штабе брыгады імя Чапаева сабраліся камандзіры ўсіх чатырох атрадаў. Камбрыг Шастапалаў сказаў:
– Чырвоная Армія перайшла ў наступленне, прарвала фронт і рухаецца з баямі на захад. Мы атрымалі загад перарэзаць усе дарогі для адступлення немцаў, знішчаць гітлераўцаў у гарнізонах, не дапускаць вывазу акупантамі нарабаванага дабра, дапамагаць усімі сіламі наступленню нашай арміі.
Начальнік штаба брыгады Рагожнікаў пазнаёміў з планам знішчэння гарнізона, паставіў задачу кожнаму атраду.
– Звязаць ворага так, каб ніводны гітлеравец не змог уцячы. У баях не гарачыцца: палонныя могуць расказаць пра многія тайны і паліцыі, і жандармерыі, каб кожны атрымаў па заслугах, – сказаў камісар брыгады Ніл Емяльянаў.
Разведка, брыгадная і атрадная, ажывілася. Конныя разведчыкі снавалі ля Капыля днём і ноччу, сустракаліся з капыльскімі падпольшчыкамі. Першыя ноччу пранікалі ў гарнізон, удакладнялі падыходы да пастоў і апорных гнёздаў. Пра ўсё, што рыхтавалася немцамі ў гарнізоне, ведалі партызаны.
Фронт імкліва набліжаўся. Усё гучней даносіўся франтавы гул, усё часцей праляталі савецкія самалёты.
Немцы са сваімі памагатымі арганізоўвалі вялікі абоз, збіраліся ўцякаць разам, каб лягчэй было прарывацца праз партызанскія засады. На машыны, павозкі грузіліся і зброя для баёў з партызанамі, і нарабаванае дабро.
А партызаны ўсё бліжэй падыходзілі да гарнізона, сціскалі межы акружэння, з наступленнем цемры прасочваліся ў Капыль, абыходзілі пасты. Усё рабілі ціха, асцярожна, каб не выявіць сябе, чакалі сігналу агульнай атакі, каб раптоўным нападам на гарнізон ашаламіць ворага.
Атраду імя Шчорса была пастаўлена задача: уварвацца ў Капыль і на вуліцах знішчаць акупантаў. Астатнія атрады перарэзалі шляхі адыходу, выдзелілі групы для падтрымкі шчорсаўцаў.
Вечарам апусцелі партызанскія лагеры. Усе рухаліся ў адным кірунку – на дамоўленыя пункты для атакі. Паўтаратысячная армія чапаеўцаў чакала сігналу для пачатку апошняй масавай аперацыі.
Наступіла 29 чэрвеня 1944 года. Стрэлкі гадзіннікаў адлічвалі апошнія гадзіны да штурму. Калі ж пачнецца атака? Ці ўсё прадумалі для бою?» – хваляваўся кожны партызан.
Павольна святлела неба на ўсходзе, усё выразней праглядаліся абрысы дамоў... Замёр узвод Івана Залатарова, не ляжыцца братам Мікалаю і Івану Боханам, маўчаць медсёстры Люба Ліннік і Клава Самойлава, правяраюць санітарныя сумкі, каб не павыпадалі перавязачныя прыпасы ў час перабежак. Усе чакаюць.
I вораг чакае. Начное зацішша непакоіць яго. Не чуваць прывычных выбухаў, цішыня ў наваколлі. Чаму? Што задумалі яны, партызаны?
Дзве ракеты адна за адной успыхваюць у небе. Не паспелі патухнуць яны, як над Капылём грымотна ўздрыгнула неба. Выбухі гранат, трэск кулямётных і аўтаматных чэргаў зліліся ў адзіны гул над усім варожым гарнізонам. Усюды чуваць былі вінтовачныя і пісталетныя стрэлы. Гэта быў магутны і нечаканы наступ. Нідзе не было спакойнага месца, каб схавацца ад расплаты. Паступова шум бою заціх.
1 ліпеня 1944 года чапаеўцы сустракалі чырвонаармейцаў, слухалі канцэрт савецкіх артыстаў на ўзлеску каля вёскі Аношкі. Пасля праводзілі армейскіх разведчыкаў да Стоўбцаў і Нясвіжа, дапамагалі ім браць гэтыя гарады. Пасля брыгада была расфарміравана. Хто паехаў у свой родны раён аднаўляць разбураную вайной народную гаспадарку, а хто стаў чырвонаармейцам і ваяваў на фронце.
Шкада толькі, што няма ў нас свята – Дня партызанскай славы. Нашчадкі дадумаюцца ўшанаваць гераічныя подзвігі народных мсціўцаў – сваіх дзядоў і прадзедаў. Ветэраны вайны, былыя партызаны, вераць, што дачакаюцца такога свята.
(491 слова)
Паводле В. Гурскага.