Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Букет лясных красак

   Заміраючы ад хвалявання, я заглядваю праз адчыненае акно ў пакой і асцярожна стаўлю букет на падаконнік. Ніколі яшчэ мой букет не быў такім прыгожым і такім удалым.
   Пануе цішыня, ніхто нічога, здаецца, не заўважыў. Які казачны водар ідзе ад суніц! Стаўлю кошык на падаконнік і аглядаюся. Застаецца толькі дастаць з вядзерца баравічкі.
   Амаль кожнае лета пасля вайны я адпачывала разам з бацькамі і двума братамі ў Каралішчавічах, дзе знаходзіўся Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў.
   Праз колькі гадзін пасля таго, як краскі і баравічкі былі ўладкаваны на падаконніку, я паснедала і выпырхнула на дворык.
   Першы, каго я ўбачыла перад сабою, быў Якуб Колас. Ён усміхнуўся і ветліва, добразычліва працягнуў мне руку.
   – Дзень добры, – неяк асабліва мякка сказаў ён.
   – Дзень добры, – не ўзнімаючы вачэй, ціха адказала я.
   Цёпла ўсміхаючыся вачамі, ён сказаў:
   – Дзякуй табе за краскі і за суніцы. А я ўсё не мог зразумець, хто ў шэсць гадзін раніцы краскі мне на акно ставіць і знікае, як той прывід. Дзякуй табе, Рымачка, – сур’ёзна прамовіў ён і дадаў: – У даўгу перад табой я не застануся, і, калі выйдзе з друку мой першы том, я падару яго табе з надпісам.
   – Праўда?! – аж затрапятала я ад радасці і захаплення. – Самы сапраўдны том? Вамі напісаны?
   – Самы сапраўдны, мой, – весела адказаў Колас і жартаўліва пакланіўся.
   – Дзякуй, вялікі Вам дзякуй... – голас мой квола задрыжаў. – А Вы не забудзеце? – нечакана для самой сябе спыталася я.
   Колас ніколечкі не пакрыўдзіўся.
   – Калі чалавек дае абяцанне, Рымачка, дык памятае пра яго. Навошта ж тады і даваць? Не хвалюйся, усё будзе, як сказана, – пацвердзіў ён.
   Аднойчы я ўвайшла ў сталовую і ўбачыла там Канстанціна Міхайлавіча за сваім столікам з невялікім стосікам кніг вішнёвага колеру.
   Колас весела памахаў мне рукою, каб я падышла да яго. І калі асцярожна наблізілася да Канстанціна Міхайлавіча, ён урачыста ўручыў сваю кнігу.
   Так, пісьменнік не забыў пра мяне. Я глянула на яго мудрую ўсмешку і кінулася да выхаду, шчаслівая.
   Кніга ляжала на маіх далонях. Бясцэнны падарунак...
   Я і зараз бачу той самы цудоўны букет, і маё сэрца сціскаецца пяшчотаю.
(333 словы)

(Паводле Р. Стаховіч-Ларчанка)

 

Похожие статьи:

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»