Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Бортніцтва

   Пра пчол беларусы ведалі са старажытнасці. Спачатку чалавек выпадкова знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, забіраў мёд разам з сотамі і лічынкамі. Але яго з цягам часу патрабавалася ўсё больш і больш. I чалавека ўжо перастае захапляць дзікае паляванне. Часу на гэта траціцца процьма, а здабыча мёду невялікая, рэдка калі пашанцуе.
   Вось бы прыручыць пчол, самому ствараць ім месцы для гнёзд і завабліваць туды. Тады кожнае гнездаванне пазначалася б, на ўлік бралася, пад нагляд. Тады б можна было стаць і гаспадаром, і ўладаром пчаліных сем’яў і не спатрэбілася б бясконца блукаць, абіваць ногі ў дзікіх некранутых пушчанскіх лясах у пошуках мёду. Якая б палёгка, выгода з’явілася – атрымліваць яго ўсяго за некалькі вёрст ад дому і мець пастаянны гарантаваны прыбытак.
   Так, ці прыкладна так доўга думаў, разважаў чалавек і ў рэшце рэшт стаў майстраваць у дрэвах дуплы (борці), зрабіўся бортнікам.
   Станаўленне бортніцтва адбылося ў першым стагоддзі нашай эры, пра што сведчаць словы «мёд», «воск», «матка», «труцень», якія этымалагічна ўваходзяць у агульнаславянскае моўнае адзінства.
   Класічную форму бортніцтва набывае са з’яўленнем жалезных прылад працы (сякера, плешня), калі бортнік атрымлівае магчымасць выдзёўбваць борці ў сырых ствалах дрэў. Менавіта на беларускім Палессі ўзнік гэты своеасаблівы лясны промысел, які, дзякуючы свайму шырокаму распаўсюджанню і велізарнаму эканамічнаму значэнню, прадвызначыў на некалькі стагоддзяў характар развіцця гэтага ляснога краю.
   Для борці выбіралася вялікае дрэва на палянцы, каб яно адусюль было бачна. Найчасцей гэта была сасна. На елцы пчолы не сяліліся, а дуб цяжка апрацоўваўся.
   Своеасаблівы рытуал суправаджаў бортніка ў час падрыхтоўкі борці: ён не піў, не еў нічога тлустага, трымаў у сакрэце сваю задуму. З паўднёвага боку дрэва на вышыні 6-10 метраў ссякаў палоску шырынёй у 15 і даўжынёй да 70 сантыметраў. Дупло рабіў спецыяльным інструментам такім чынам, каб сценкі былі не таўсцейшыя, як 10 сантыметраў. Унутр ставіў крыжавіну для падтрымання сотаў, а само дупло націраў духмянымі травамі.
   Зачынялася борць спецыяльнай дошкай, у якой амаль што пасярэдзіне быў ляток. Каб вецер не зламаў дрэва, вяршыня яго зразалася. На зрэз клалася бяроста і прыціскалася каменем. Ля самой борці да сука прывязвалася калода (самабітка) або пад борцю забіваліся оспы – вострыя дубовыя і металічныя штыры, якія перашкаджалі мядзведзю дабірацца да пчол.
   Праца бортніка патрабавала вялікіх практычных ведаў, спрыту і немалой фізічнай сілы. На дрэва ён узбіраўся пры дапамозе спецыяльнай прылады – лезіва. Доўгія гадзіны вісеў так высока над зямлёй, выдзёўбваючы новую борць. Кожная з іх мела свой знак – кляймо або сцяг. Гэты знак высякаўся на ўсходнім баку дрэва на ўзроўні вачэй. Знакі мелі выявы ад простага крыжа да крыжа з хітрымі ўзорамі і абаранялі правы гаспадара на борць.
   Ва ўладаннях аднаго бортніка было каля шасці дзесяткаў бортных дрэў. У асобных дрэвах мелася па тры, а то і болей борцяў, што асабліва цанілася і з’яўлялася гонарам гаспадара.
   Прафесія бортніка перадавалася па спадчыннасці ад бацькі да сына, якога ён з малых гадоў знаёміў з таямніцамі старажытнага рамяства. Напрыклад, каб перасяліць рой у новую борць, ажыццяўлялася абрадавае дзеянне – тварба, куды ўваходзіла інсцэніроўка будучага збору мёду з заклікамі і замовамі, а таксама апырскванне настоем з кветак і траў, абкурванне верасам, націранне. Бортнік вельмі даражыў сваёй прафесіяй і толькі перад смерцю паведамляў свайму пераемніку самыя глыбокія яе таямніцы, вучыў варажыць і перадаваў свой бортны знак.
   Бортніцтва дасягнула свайго апагею ў XIV-XVI стагоддзях. А з канца XVII стагоддзя ў выніку масавых высечак лясоў на продаж, пад ворыва, для прамысловых мэт пачаўся заняпад гэтага промыслу. У першай палове XIX стагоддзя бортніцтва страціла сваё ранейшае гаспадарчае значэнне і саступіла месца калоднаму пчалярству.
(564 словы)

Паводле П. Сабіны