Калі вы завітаеце ў Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці, то вернецеся адтуль натхнёныя прыродай, адораныя людской дабрынёй і павагай, узбагачаныя цікавымі легендамі і паданнямі.
У старажытнасці тут былі такія густыя лясы, што ні праехаць ні прайсці. Крыкне чалавек раніцай – рэха цэлы дзень гудзе па барах, гаях і пушчах. Увечары толькі вяртаецца.
Праз тыя дзікія лясы працякала паўнаводная рака. Па ёй можна было праплыць, сігануць, «свіснуць» з краю ў край. Мабыць, таму яе і назвалі Свіслач. Яна працякае па ўсім Бераставіцкім раёне і ўпадае ў Нёман, адну з галоўных рэк Беларусі.
Аднойчы плылі па той рацэ юнак Бераст і прыгажуня Тавіца. Маладыя людзі моцна пакахалі адно аднаго і шукалі месца, каб збудаваць сабе жыллё. Доўга плылі яны па шырокай рацэ, потым павярнулі ўправа, як бы ў рукаў, вузкі і ціхі. Заначавалі Бераст і Тавіца пад зорным небам. Калыханку ім спявалі звонкагалосыя салаўі. Сон вартавалі белыя бярозы. Тут маладая сям’я і засталася жыць. А калі ад іх пайшлі дзеці і пабудавалі побач свае хаты, то паселішча назвалі ад спалучэння бацькоўскіх імёнаў Бераст і Тавіца – Бераставіца. А рэчцы, якая прывяла іх сюды, далі імя Бераставічанка.
Расказваюць, ехаў некалі польскі пан па гэтых краях і драмаў у брычцы. А фурман час ад часу гучна аб’яўляў: «Калясім па Бераставіцы Мураванай! Прыехалі ў Вялікую Бераставіцу! Наперадзе – Малая Бераставіца!» Пан прачнуўся і здзівіўся: «Я хутчэй па Варшаве праеду, чым праз гэтыя Бераставіцы!» Не ведаў той замежны вандроўнік, што ў Бераста і Тавіцы ўтварылася магутнае радаводнае дрэва. Іх радня засяліла дзясяткі вёсак.
(246 слоў)
Паводле У. Ліпскага