Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Белая студзеньская казка

   Настае цудоўная белая казка прыроды. Зіма, безумоўна, мае белы колер. Тры месяцы зімы – вось і тры белыя казкі. Вясна таксама доўжыцца тры месяцы, яе колер блакітны. Лета – зялёная казка. З зялёных нашы казкі становяцца жоўта-зялёнымі або чырвонымі, восеньскімі.
   А цяпер можна паглядзець, што робіцца ў студзені на рэчцы, пад ледзяным дахам. Там, пры самым дне, усю зіму плюс чатыры градусы. Гэта не вельмі цёпла, але і не холадна. Ніхто ад холаду тут не гіне: адны паснулі, іншыя рухаюцца, часам жыруюць, але хутка не плаваюць. Нават калі спатрэбіцца хуткасць, дык ніхто ні за кім не гоніцца, проста адным скачком са сваёй схованкі кідаецца на ахвяру.
   Як дровы, палеглі і паснулі самы. Побач з самамі ляжаць сазаны і карпы. Карасі, ліні і чырванапёркі загадзя пазалазілі, як у пуховую коўдру, у глей на дне. Тое ж зрабіў і вугор. Астатнія рыбы, сабраўшыся ў статкі, паволі рухаюцца ў адным напрамку, шукаючы спажывы.
   А вусаты, з клюшнямі рак летам па начах з’ядаў усё, што знаходзіў спажыўнага на дне. Як толькі адчуў, што вада пахаладнела, страціў рухавасць, махнуў на ўсё сваёй клюшняй ды папоўз спаць у нару, што загадзя сабе зрабіў. А нара ў яго не прамая, а з паваротамі. Востры, нібы шыла, нос і моцныя клюшні – надзейная абарона ад таго, хто можа пасягнуць на яго сон.
   Інакш зрабілі жабы. Пакуль былі камары, мошкі ды конікі, якіх яны лавілі ў траве гіры вадзе, ім было добра, можна было займацца сваім мастацтвам. Кожны з нас, зразумела, чуў, як яны спяваюць, выхваляюцца адна перад адной сваім скрыпучым голасам. На сажалцы, пад вербамі, іх збіраецца вялікі хор. Каб не схапіў бусел галоўнага дырыжора і саліста, дык, можа, паехалі б яны на конкурс. Але загінуў дырыжор, затым прапалі мошкі і камары, а пазней стала холадна. Апошні раз глядзелі крахтухі на вербы, на счарнелыя лісты гарлачыкаў, на сонейка, пускалі некалькі бурбалак паветра з рота, складалі лапкі і, нібы каменьчыкі, ішлі на дно, каб там, у глеі, ляжаць да самай вясны, не дыхаць, не рухацца і нічога не есці.
   Такім чынам, кожны мае свой звычай зімаваць. Гэтак жа і звяры: хто спіць, а хто не. Спяць аж да вясны ў норах барсукі. Спяць дзе-небудзь у сухой, утульнай норцы пад старым пнём вожыкі. Недзе побач, у старым карчы, скруцілася ў клубок гадзюка. Змеі так моцна замярзаюць, што могуць ламацца, нібы сухія галінкі. Увесну памалу адтаюць, вылазяць з-пад карча, і для іх нібы пачынаецца другое жыццё.
   Што робіць мядзведзь, усе ведаюць. Колькі казак ёсць пра гэта! А вось без снегу цяжка гэтаму зверу знайсці месца для зімовага сну. Здараецца, касалапы выйдзе на поплаў, выбера сабе стог сена і ляжа пад яго з таго боку, дзе зацішша. Калі хто яго незнарок патурбуе, дык такі мядзведзь кідаецца на чалавека ці звера.
   Зімовы сон – толькі невялікая частка белай студзеньскай казкі.
(456 слоў)

Паводле В. Ціхановіча.

Похожие статьи:

ПераказыКастрычнік

ПераказыВаяўнічыя бабры

ПераказыЛіпень

ПераказыЗвяркі-перасяленцы

ПераказыПрадвесне (Паводле В. Ціхановіча)