Беларускі народны касцюм набыў завершанасць у XІV – XVІ стагоддзях, калі склаліся яго асноўныя рысы: строгасць, адзінства кампазіцыі, перавага белага колеру, спалучэнне яго з чырвоным у арнаменце. Пазней ён удасканальваўся, набываў рэгіянальныя адметнасць і выразнасць і паступова праз вопыт многіх пакаленняў зрабіўся традыцыйным класічным узорам народнага мастацтва, цесна звязаным з іншымі праявамі жыцця: з інтэр’ерам сялянскай хаты, мелодыкай музыкі, пластыкай танца, беларускімі краявідамі.
Тканіны для народнага адзення вырабляліся з воўны і лёну і ўпрыгожваліся набіўным узорам або ткаліся з нітак рознага колеру. Наогул, лён – адзін з асноўных матэрыялаў на Беларусі: грубы, неадбелены, аздоблены арнаментам – для летняй спадніцы; тонкі, кужэльны – на кушулю, намітку ці фартух.
Усе часткі строю, пашытыя з ільну, аб’ядноўваліся чырвоным ці чырвона-чорным арнаментам (у старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, абараняў уладара ад розных няшчасцяў, хвароб і злых духаў), тканым ці вышытым. У хатніх умовах на кроснах ткалі таксама воўну. З ільну пасля пэўнай апрацоўкі атрымліваліся ў асноўным усё ніжняе і летняе верхняе адзенне, з воўны – верхняе. У XVІІ стагоддзі купіць крамныя тканіны селяніну было амаль што немагчыма, таму святочная вопратка адрознівалася ад будзённай толькі аздабленнем і колькасцю ўпрыгожванняў.
(179 слоў)
Паводле Т. Церашковіч
Похожие статьи:
Пераказы → Цёплае адзенне
Пераказы → Адзенне нашых продкаў
Пераказы → Наш касцюм
Пераказы → Беларускае народнае адзенне