Развіццё тэхнікі вядзе да змен у сродках распаўсюджвання інфармацыі. Традыцыйныя формы друкаванага слова саступаюць месца новым, сучасным тэхналогіям. Аўдыякнігі – гэта агучаныя прафесійнымі дыктарамі або акцёрамі творы, якія выдаюцца на лічбавых носьбітах, хутка распаўсюджваюцца ў свеце. Ужо ад дзесяці да васямнаццаці працэнтаў сучаснага кніжнага рынку складаюць менавіта яны. Гукавыя кнігі можна слухаць у салоне аўтамабіля, у грамадскім транспарце, ідучы па вуліцы, дома ў сямейным коле.
Выдаўцы аўдыякніг лічаць, што яны садзейнічаюць папулярызацыі нацыянальнай літаратуры і развіццю айчыннай культуры ўвогуле.
Дзякуючы аўдыякнігам у гукавым фармаце выходзяць творы сучаснай беларускай літаратуры, найлепшых прадстаўнікоў замежнай класікі, кнігі для дзяцей. Ужо ўбачылі свет аўдыяверсіі паэм «Новая зямля», «Сымон-музыка» Якуба Коласа, вершаў і паэм Янкі Купалы, вершаў Максіма Багдановіча, раманаў «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» Івана Мележа, аповесцей «Палескія рабінзоны», «У краіне райскай птушкі» Янкі Маўра. З апошніх буйных праектаў – выданне аўдыякнігі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Час яе агучвання складае амаль 40 гадзін.
Выданне беларускіх аўдыякніг мае важнае значэнне ў пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Яе адметнасць заключаецца ў тым, што гэта літаратура, якая дазваляе пачуць літаратурнае беларускае слова. Малады чытач, які слухае беларускія аўдыякнігі, трапляе ў беларускамоўнае асяроддзе, што садзейнічае як вывучэнню роднай мовы, так і якаснаму авалодванню ёю, засваенню правільнага літаратурнага маўлення.
Начытваюць кнігі знакамітыя беларускія акцёры. Найбольш плённае супрацоўніцтва атрымалася з прафесарам Андрэем Калядой – вядомым выкладчыкам сцэнічнай мовы. Удзельнічаюць у праекце таксама і акцёры Купалаўскага тэатра. Візуальнае аблічча аўдыякнігі ствараюць вядомыя мастакі.
Распаўсюджваюцца аўдыякнігі ў асноўным праз кнігарні, крамы, дзякуючы прыватным распаўсюджвальнікам, а таксама праз інтэрнэт-крамы.
(247 слоў.)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Мініяцюрная кніга
Пераказы, дыктанты → Па матывах твора
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Кнігі
Пераказы, дыктанты → Кніга на Беларусі
Пераказы, дыктанты → Кнігі дапамагаюць падарожнічаць