Беларуская вёска не такая, як на Украіне або на Доне. Там не дзіва вёскі ў дзвесце – тысячу двароў. У нас дваццаць хат – гэта ўжо вёска. А на захадзе краіны яшчэ і дагэтуль многа хутароў, хоць людзі паступова і пакідаюць іх.
Вось хутар на Гродзеншчыне. Да бліжэйшай станцыі некалькі кіламетраў. Паўсюль раскіданы грады ўзгоркаў, а на іх сіні зубчасты лес. Праз густыя зарасці чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая, на дзве трэці зацененая дрэвамі рачулка Лоша. На беразе яе прыткнуліся адна да адной некалькі спраўных хат са студнямі, пунямі і адрынамі, у якіх добра спаць на сене. Крыху далей у звіліне Лошы векавыя дрэвы былога фальварка.
Амаль нідзе на Беларусі хату не беляць знадворку, толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска, саступаючы ў весялосці знешняга выгляду перад якой-небудзь вёскай малдаўскай ці карпацкай, мае нейкі мілы, задумлівы і паэтычны каларыт. Ствараецца ён прысадамі вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавымі дубамі на сядзібах, вялізнымі дзічкамі на былых межах, садкамі. А дзе-небудзь паблізу абавязкова будзе рэчка, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.
(175 слоў)
(Паводле У. Караткевіча)
Похожие статьи:
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Вясковая ідылія
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Вёска
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Вясковы дом
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Змітрок Бядуля → Змітрок Бядуля - Раніца ў вёсцы