Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Беларуская выцінанка

   Амаль кожны з нас у дзяцінстве пад Новы год выразаў сняжынкі з паперы на вокны. Але пра выцінанку ведаем мы няшмат. Дзе нарадзілася, адкуль прыйшла, чаму калісьці такі распаўсюджаны від мастацтва быў забыты.
   Як сцвярджае энцыклапедыя "Этнаграфія Беларусі", выцінанка, выразанка, выстрыганка, выбіванка – від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Тэрмін распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Украіны. Падобны від мастацтва таксама існуе ў Літве, вядомы ў Расіі. Беларуская выцінанка стала вядома з тысяча дзевяцьсот васьмідзясятых гадоў. Выцінанка развівалася як адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пра гэта сведчаць агульныя для розных відаў народнай творчасці вобразы і матывы, якія замацаваліся ў выцінанцы.
   Выцінанка атрымала шырокае распаўсюджанне ў афармленні сялянскага інтэр’ера з сярэдзіны XIX стагоддзя. Побач з папяровымі выцінанкамі ўжываліся вырабы з таннай тканіны. Часта папяровыя і тэкстыльныя выразанкі аздаблялі каляровымі фарбамі. Кожны фрагмент узору меў сваю назву, напрыклад, лялечкі, зоркі і іншыя. У многіх беларускіх мястэчках былі распаўсюджаны фіранкі, якія імітавалі ўзоры гардзінных тканін. Для іх вырабу карысталіся як нажніцамі, так і нажамі, разцамі. Вырабы, што выконваліся нажом ці разцом, – разнавіднасць класічнай выцінанкі. У народнай мове яны маюць назву "выбіванка".
   Асноўныя рысы народнай выцінанкі – сіметрычная кампазіцыя і геаметрычная форма вобразаў. Асартымент ажурных твораў складаюць фіранкі на вокны, карункі для ўпрыгожвання паліц, рамак з фотаздымкамі, абразоў, настольныя вырабы, сурвэткі і інш. Па традыцыі выцінанкамі аздаблялі хату да найбольш значных свят – Каляд і Вялікадня. Чорнымі ці шматколернымі выцінанкамі ўпрыгожвалі пабеленыя сцены хат. У кожнай мясцовасці папяровая выразанка набывала пэўныя асаблівасці. Для беларускай выцінанкі характэрны шматразовае складванне (ліст паперы складваецца шмат разоў, у розных напрамках і пад рознымі вугламі, каб атрымаліся пэўныя ўзоры); стварэнне малюнка з парэзак простых геаметрычных форм (трохвугольнікі, ромбы, квадраты, кругі, паўмесяцы, пялёсткі); сіметрычная кампазіцыя. Звычайна выкарыстоўваюцца адзін, два, максімум тры колеры паперы, іншы раз дадаецца залатая або сярэбраная фольга.
   Паколькі папера была таннай і шырокадаступнай, а сам працэс выразання выцінанак з’яўляўся даволі простым заняткам, вырабаў не шкадавалі. Праз некаторы час старыя выцінанкі выкідвалі ці спальвалі.
   Паступова выцінанка выцяснялася з вясковага інтэр’ера тэкстыльнымі вырабамі. Да нашых дзён дайшлі сняжынкі з паперы для аздаблення вокнаў у гарадах і вёсках да Каляд і Новага года.
   У канцы XX стагоддзя адбылося вяртанне выцінанкі ў культуру нашай краіны. Магілёўскі абласны лялечны тэатр падрыхтаваў спектакль "Піліпка і ведзьма", у якім актрыса-апавядальніца з нажніцамі ў руках нібы выразала герояў спектакля з паперы. Спектакль быў адзначаны за адкрыццё новай галіны ў развіцці беларускага лялечнага тэатра. Вось так выцінанка заявіла пра сябе ў сцэнічным мастацтве. Сёння існуе цэлы шэраг "папяровых" свят ("Ажурныя фантазіі", "Чароўныя нажніцы"), праводзяцца семінары і выставы.
   У Беларусі існуе Маладзечанская школа выцінанкі. Стваральніцай яе з’яўляецца вядомая майстрыха і пачынальніца творчай дынастыі Вікторыя Чырвонцава. Дзве яе дачкі выкладаюць выцінанку на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага вучылішча. З гэтай навучальнай установы выйшла некалькі пакаленняў выцінаншчыкаў, якія працуюць у Мінску, Гродне і іншых рэгіёнах краіны.
(462 словы)

Паводле В. Бабурынай.