Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Багацце Бярэзінскага запаведніка

   Багацце запаведніка – не толькі жывёлы. Цікавы і разнастайны свет раслін запаведніка. У кожным яго кутку – у лесе, на лузе, у вадзе – можна сустрэць рэдкія прыгожыя кветкі, якія ўжо зніклі ці на мяжы знікнення ў іншых мясцінах рэспублікі. Тут яны беражліва ахоўваюцца, за папуляцыямі вядуцца пастаянныя назіранні. На жаль, па віне чалавека і знішчаюцца многія расліны, якія ўпрыгожваюць прыроду.
   Большасць рэдкіх раслін аблюбавала тутэйшыя лясы, якім няма, бадай што, роўных у Еўропе. На сухіх пясчаных грудках узносяцца да нябёсаў стройныя хвоі, а невялічкія, да пяці метраў у вышыню, зачапіліся за балоты. На лясных палянках на яркім дыване імхоў растуць сон-трава, грушанкі, сумнік, казялец, раскіданы кучкі злакаў. А ў чарнічных і арляковых сасняках можна палюбавацца пралескай высакароднай, геранню, мар’яннікам, чынай, канюшынай. На марэнных грудках у сасняках захаваўся такі цуд прыроды, як архідэі. Самыя рэдкія сярод іх – пылкагаловік чырвоны і гайнік цёмна-чырвоны. Кветкі вельмі прыгожыя, але, на жаль, не ўтвараюць насення. Таму могуць знікнуць у першую чаргу. Вось чаму іх ахова ў запаведніку – гарантыя таго, што прыгажосць не знікне.
   Нямногія ведаюць, што Бярэзінскі запаведнік – амаль скрозь балотны край. Не кожны адважваўся ступіць на балота, дзе, па павер’ях, жыла нячыстая сіла, адбываліся незразумелыя праявы – балотныя агні, загадкавы туман, што гойдаецца над паверхняй, багна, якая бясследна зацягвала і звера, і чалавека. Ды, відавочна, такія ўяўленні пайшлі на карысць прыродзе: у непраходнай багне выжылі многія звяры і птушкі, захаваліся цікавыя расліны, знішчаныя ў іншых мясцінах. Так што можна сказаць дзякуй балотам.
   І цяпер вучоныя ашчадна ахоўваюць тое багацце, якое засталося тут. У паўночнай і цэнтральнай частцы запаведніка найболей вядомыя вярховыя сфагнавыя балоты – Жары, Слабодскае, Саўскі Мох, Пастрэжскае, Домжарыцкае. Цікавы штрых: колісь тут былі азёры, але прыкладна шэсць тысяч гадоў назад вадаёмы пачалі зарастаць, на вялікія плошчы наступалі балоты.
   У паўднёвай частцы запаведніка ляжаць нізінныя балоты, якія ў любы час года непраходныя. Можна толькі ўявіць сабе, колькі тут дзічыны, якую ніхто не мае права ні пужаць, ні страляць.
(311 слоў)

Паводле А. Дзятлава

 

Похожие статьи:

ПераказыЭкалагічная сцежка

ПераказыБярэзінскі запаведнік

ПераказыКупалаўскі мемарыяльны запаведнік

ПераказыНалібоцкая пушча

ПераказыПрыпяцкі запаведнік