У прыродзе склалася так, што жнівень сустракаецца з восенню. Меншымі становяцца дні, а ночы прыбаўляюць ў часе. Няма ўжо таго цёплага летняга надвор’я. Нізіны і вадаёмы раніцай хавае туман.
Але жнівень па-свойму багаты. З поля да складоў патокам вязуць збожжа. У садах сокам наліваюцца яблыкі і грушы. Агарод таксама шчодры на ўраджай.
Росту грыбоў спрыяюць цёплыя дажджы, ад чаго яны атрымалі такую паэтычную назву – грыбныя дажджы. У дружным карагодзе рассыпаліся сярод зялёнага ці сівога моху жоўтыя лісічкі, а на ўскрайку лесу чакае грыбніка чародка светленькіх маладзенькіх казлякоў. У змешаным лесе сустрэнешся з сыраежкамі. Адны ўжо набылі форму талерачак, а іншыя толькі што з’явіліся на свет.
У маладым сасонніку дружна растуць махавікі. Яны розныя па велічыні. Заўважыш вялікага, то прыглядайся: абавязкова яшчэ будуць маладзенькія. Збіраць махавікі адна асалода. Асабліва вабіць лес, калі з’яўляецца кароль грыбнога царства – баравік. Сустрэча з баравіком прыдае нейкую душэўную радасць, падымае настрой.
Грыбная пара працягваецца да глыбокай восені.
(151 слова)
Паводле В. Грамыкі
Похожие статьи:
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Канчаецца лета
Віктар Гардзей → Віктар Гардзей - Жнівень
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - Жнівень