З надыходам ночы ў бабулінай памяці абуджаліся карціны мінулага ці казачныя паданні, якія ўнук, па-дзіцячы верачы ў цуд, лічыў за праўду.
Найбольш яго ўразіла апавяданне бабулі пра возера каля Ігумена, якое затапіла стары горад. І калі ў сонечны дзень плыць па возеры на лодцы, дык у глыбінях можна ўбачыць старыя дамы, касцёл, рынак і гарадскія брамы. Унуку тады снілася, што людзі ходзяць пад вадой у касцёл, на рынак, сабачкі бегаюць па вуліцах, а ў садах выспяваюць жоўтыя слівы.
Магчыма, бабуля пераказвала яму гісторыі, якія сама чула ў дзяцінстве ад сваёй бабулі ці ад цёткі. Паўтарэнне гэтых гісторый пераносіла яе ў кола сваякоў, што даўно зніклі. Адно з гэтых апавяданняў унук запомніў слова ў слова.
У аднаго пана была малпа, якую ён надта любіў. Аднойчы пан захварэў на ангіну. Дактары не маглі даць рады, пан ледзь дыхаў. Бачачы блізкую смерць гаспадара, слугі пачалі заходзіць у пакой да смяротна хворага. Кожны браў з шафы, шуфляд, куфраў тое, што яму падабалася. Малпа назірала гэты чалавечы рух і, натхнёная прыкладам слуг, пачала аглядацца, што б знесці ёй. Але было ўжо ўсё вынесена. Тады малпа выцягнула з-пад панскага ложка начны посуд і рушыла да дзвярэй. Тут пан не вытрываў, зарагатаў – гнайнікі палопаліся, ён уздыхнуў на поўныя грудзі і ачуняў. Перапужаныя злодзеі вярнулі нарабаванае, малпа таксама паставіла на ранейшае месца гаршчок. Зразумела, пан прагнаў з двара ўсю сваю непрыстойную прыслугу. Малпа ж, якая выратавала жыццё гаспадару, набыла ў хаце правы каралевы. Яе апраналі ў паркалёвыя сукенкі, і спецыяльна заказаны майстру саламяны капялюшык з букецікам кветак аздабляў яе галаву.
Праз шмат гадоў унуку давялося пабываць у Ігумене. Ходзячы па вуліцах, стоячы каля старых дрэў, дзе некалі мог стаяць панскі дом, уяўляў ён падобную да паненкі малпу ў сукенцы.
(283 словы)
(Паводле К. Тарасава)
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Як Мікітка… сукенку з’еў
Вера Вярба → Вера Вярба - Бабуліны казкі
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Агеньчык
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Пра малпачку Чыту і яе сяброў
Алесь Якімовіч → Алесь Якімовіч - Што любіць бабуля?