Раніца. Сядзім мы з дзедам Мацеем на беразе і вудзім плотак. Калі прыгрэла сонца, стары даручыў мне вуды, а сам прылёг адпачыць.
Раптам у кустах пачуліся нейкія дзіўныя гукі, нібыта сабака заскуголіў. Я ўстаў, паглядзеў навокал, але нічога не заўважыў. Скуголенне не сціхала, і мне стала крыху не па сабе. Я асцярожна тузануў дзеда за рукаў.
Дзед Мацей паслухаў з хвіліну і, усміхнуўшыся, кажа:
– Нядобра мы з табой селі, дружа. Тутэйшаму жыхару дарогу загарадзілі.
Я нічога не разумеў. А дзед устаў, пайшоў у кусты і неўзабаве гукнуў мяне.
На вузкай сцяжынцы сядзеў светла-буры звер велічынёй з нашага сабаку. У яго была невялікая круглая галава і амаль голы пляскаты хвост. Ён пазіраў на нас маленькімі чорнымі вочкамі і раз-пораз выціраў іх кароткімі пярэднімі лапамі. З вачэй у звера сыпаліся слёзы, і выгляд у яго быў вельмі жаласлівы.
Ад дзеда Мацея я даведаўся пра дзіўную звычку бабра. Ён абавязкова павінен вярнуцца ў раку па той самай сцежцы, па якой прыйшоў. А калі ж яна занята, то бабёр будзе сядзець і плакаць.
– Ну хопіць ужо, хопіць. Наплакаўся. Ідзі хутчэй у раку ды памыйся, – спагадліва сказаў дзед.
Як толькі мы адышлі ўбок, бабёр нязграбна падскочыў і паспяшаўся да ракі.
(198 слоў)
(Паводле У. Ляўданскага)
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Слёзы маці
Пераказы, дыктанты → Слёзы
Пераказы, дыктанты → Зязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)
Пераказы, дыктанты → Зязюльчыны слёзкі (Паводле М. Даніленкі)
Янка Маўр → Янка Маўр - Слёзы Тубі