Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асенні надвячорак

   Быў асенні надвячорак, адзін з тых нячастых, якія здараюцца такой парою, калі вялікае блякла-чырвонае сонца на шыза-зеленаватым небе нагадвае жывы шар. Гэты шар, здавалася, вось-вось набрыняе цяжкай ружовістасцю і тады не ўтрымаецца на нябесным полазе, сарвецца каля далягляду, упадзе на вострыя вяршаліны цёмна-блакітнага лесу, праколецца і залье ўсё навокал густой вязкай бронзай.
   У такі надвячорак усё быццам падказвае – блізіцца пара па-сапраўднаму халодных начэй: і гэтае сонца, што нязвыкла хутка коціцца да далягляду, пакідаючы на крохкім небе бела-ружовыя драпіны, і сшэрхлая жоўтая трава, якую ўжо апоўдні акрапляе дробная халодная іскрыстая раса, і пажухлыя, яшчэ не аголеныя кроны дрэў, і парывісты сіверны вецер, што час ад часу ўзнімае на рачной плыні дрогкае рабацінне.
   Усё гэта бачыў і разумеў Чалавек, які доўга і нерухома стаяў з вудай на беразе ракі. Часам ён рэзка вышморгваў з вады кручок і, нават не глянуўшы на яго, ці засталося там што, кароткім спрактыкаваным узмахам ад сябе кідаў назад, хоць ведаў, наўрад ці і зараз тузанецца паплавок, нырне пад ваду.
   Часам ён нібы безуважна назіраў на крохкую, ледзь прытуманеную лугавую далячынь. Яна адкрывалася адразу за ракой і здавалася заціснутай з аднаго боку вострым кутам сасновага лесу, абгароджанага высокім шчыльным зялёным плотам, а з другога – пагоркам, парослым куртатымі жоўта-зялёнымі дрэвамі, за якімі адзінока паблісквала бляшаная страха нейкага прыватнага дачнага доміка.
   Калі вочы стамляліся ад аднаго малюнка, Чалавек пераводзіў позірк на раку, якая ля пагорка крута паварочвае, выгінаецца паўз яго, бяжыць краем лугу. Тады яму здавалася, што гэтая халодная па колеры, звілістая шырокая стужка, па якой вечаровае сонца шчодра рассыпала залацістыя бліскаўкі, рассоўвае сасновы лес і пагорак, нібы вызначае кожнаму з іх сваё месца на зямлі.
   І яшчэ думалася: напэўна, людзі не ведаюць, што ўсяму на свеце: кожнаму дрэўцу і пагорку, кожнай лугавіне і кожнай жывой істоце, вядома ж, і чалавеку – яшчэ да нараджэння Усявышнім вызначана сваё месца.
(298 слоў)

Паводле У. Саламахі

 

Похожие статьи:

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Восень

ВВосеньскія песні

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

Ніна МацяшНіна Мацяш - Восень