Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Асветнік эпохі Адраджэння

   Паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы Мікола Гусоўскі нарадзіўся каля 1470 года ў сям'і паляўнічага. Адукацыю атрымаў на Беларусі, паглыбляў веды ў Польшчы, Італіі. Вялікую ролю ў яго лёсе адыграў мецэнат Вітэлій – сакратар вялікакняжацкай канцылярыі. У 1518 годзе у складзе польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, якую ўзначальваў Вітэлій, Гусоўскі трапіў у Рым. У Італіі канчаткова сфарміраваліся яго творчыя індывідуальнасць і літаратурнае крэда. Тут у 1522 годзе Гусоўскі стварыў свой лепшы твор «Песня пра зубра», дзе выклаў шматгранную ідэйна-эстэтычную, педагагічна-асветніцкую праграму. Паэт змог прыўзняцца над вузкасаслоўным, каставым мысленнем і выступіў як выразнік перадавых грамадска-палітычных і эстэтычных поглядаў таго часу і папулярызатар гісторыі і культуры Беларусі і Літвы на сусветнай арэне, прадстаўнік рэнесансавага рэалізму.
   У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і  татарскага нашэсця, услаўленні дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы. Усе часткі твора аб'яднаны тэмай лёсу радзімы, адданасці роднай зямлі. Зубр у паэме – алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Вялікая заслуга Гусоўскага ў пастаноўцы ім праблемы аховы прыроды, беражлівых адносін да яе, рацыянальнага выкарыстання і памнажэння прыродных багаццяў радзімы. Для Гусоўскага прырода – усенародны здабытак і крыніца здароўя, радасці, выхавання высокіх патрыятычных і эстэтычных пачуццяў. З мэтай маральна-этычнага ўдасканалення грамадства, пашырэння яго адукаванасці Гусоўскі прапанаваў сістэму лацінскай еўрапейскай адукацыі.
   У воінах паэт бачыў адну з найважнейшых прычын няшчасцяў чалавецтва, пакут радзімы і народа. Ён заклікаў спыніць міжусобіцы паміж уладарамі хрысціянскай Еўропы, прапаведваў роўнасць народаў. Грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка ён лічыў абуджэнне нацыянальнай свядомасці свайго народа. Ён заклікаў суайчыннікаў задумацца над цяжкім становішчам радзімы, усвядоміць, што галоўны яе біч – гэта палітыка ўладароў. Пясняр прыроды, працы і свабоднага чалавека ў беларускай і ўвогуле ўсходнееўрапейскай літаратуры, Гусоўскі выказаў замілаванасць і гарачую любоў да роднай зямлі.
   Паэт ярка паказаў жыццё мужных, працавітых людзей, паляўнічых, ратнікаў, бортнікаў, аратых, іх працоўную і ратную дзейнасць, побыт і звычаі, ідэалізаваў вобраз вялікага князя Вітаўта. У народнай мудрасці ён бачыў невычэрпную крыніцу паэзіі, інфармацыі і адну з прычын стойкасці народнага духу. Паэт авалодаў скарбамі беларускага народнага гумару, прынцыпамі яго выкрывальнага ўздзеяння, выступаў супраць тых, хто лічыў, што вучоная лацінская паэзія па сваім характары несумяшчальная з творчасцю народа. «Песня пра зубра» напісана ім на класічнай латыні, але ў ёй ёсць прыкметы жывой беларускай мовы. Паэзія Гусоўскага прама ці апасродкавана паўплывала на станаўленне гістарыяграфіі Вялікага княства Літоўскага, росквіт лацінскай, уласнабеларускай, польскай, і польска-беларускай літаратур.
   У кракаўскі перыяд ім створана і паэма «Жыццё і подвіг св. Гіяцынта» (1525). У яе прысвячэнні кракаўскаму ваяводу Хрыстафору з Шыдлоўца паэт гаворыць пра неабходнасць «адкрыцця» спраў славутых людзей мінулага для папулярызацыі іх жыцця. У гэтым дыдактычна-рэлігійным творы аўтар прапаведваў хрысціянска-гуманістычны подзвіг як служэнне народу. У разуменні Гусоўскага Польшча і Русь складаюць адзінае цэлае – славянскі рэгіён. Таму вобраз Гіяцынта, дзейнасць якога праходзіла ў Польшчы і на Русі, дарагі сэрцу паэта ідэйнай сутнасцю. Многія радкі паэмы – гімн чалавечаму розуму, духоўнай велічы. Паэма сцвярджала адзінства лепшых прынцыпаў раннехрысціянскай маралі, ідэалаў народнай этыкі і рэнесансавых элементаў і адмаўляла мараль пануючых колаў. У гэтым выявілася дэмакратызм, народнасць светаўспрымання, публіцыстычнасць і грамадзянская мужнасць Гусоўскага.
 
Паводле «Асветнікі зямлі Беларускай»

 

Похожие статьи:

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Песня пра зубра. ГДЗ

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай...)

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Урывак з паэмы "Песня пра зубра" (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы...)

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Песня пра зубра. Аналіз паэмы

Мікола ГусоўскіМікола Гусоўскі - Песня пра зубра