Жывіца. Мудрае, ёмістае слова! У ім ранішні подых бароў з роснымі ягаднікамі, гаючы водар смалы, чысціня лясных крыніц, вечная гамонка дрэў, галасы зямлі...
Слова мілагучнае, спеўнае. Гожае імя атрымалася з яго для суполкі музыкаў.
Ансамбль народнай музыкі «Жывіца» ўтварыўся па ініцыятыве заслужанай артысткі Беларусі Валянціны Пархоменкі. Дэбют адбыўся 11 снежня 1988 года.
Цікавая праграма першага канцэрта «Жывіцы». У яе ўвайшло каля паўсотні песень, інструментальных найгрышаў з элементамі сялянскіх абрадаў, са скокамі, жартамі, прыпеўкамі.
«Жывіца» дае адчуць гледачам цудадзейную сілу народнага мастацтва, дзе спляліся зыкі вясны, застольныя досціпы, гамонка сватоў, галашэнне нявесты, каленцы кадрылі і полькі...
(97 слоў)
(Паводле газеты «Літаратура і мастацтва»)