Зборам і нарыхтоўкай грыбоў займаецца не толькі чалавек. Не меншую цікавасць да іх праяўляюць і многія дзікія жывёлы.
Вось выйшаў на «ціхае паляванне» барсук. Толькі трапіцца грыб, адразу саб’е яго лапай і пакладзе на прыметным месцы – на камені або на пяньку. І пайшоў сабе далей. А праз некалькі дзён зноў ідзе тым жа маршрутам і пераварочвае збітыя шапачкі на другі бок. Калі грыбы як след падсушацца, барсук зносіць іх у нару. Будзе ласавацца ўзімку. А разбіраецца барсук у грыбах не горш за чалавека. Толькі баравікі, маладыя падасінавікі ды абабкі нарыхтоўвае, а іншымі грыбамі грэбуе. Ён цэлымі днямі ў лесе.
Убачыў вялікі баравік янотападобны сабака і прыступіў да абеду. Гучна чмякаючы, з задавальненнем праглынуў мяккія салодкія кавалкі грыбнога капелюша.
А паміж дзвюх тоненькіх асінак зляцелася чародка шэранькіх драздоў. Весела перагаворваючыся, расклёўваюць яны стары падасінавік. Ды тут сарока падляцела, прагнала драздоў і сама прынялася за ежу.
Вавёрка больш за ўсіх лясных жыхароў ласая да грыбоў. Знойдзе грыб, крышачку падгрызе яго ножку знізу і даломіць спрытнаю лапкай. А каб грыбы лепш сохлі ды не нападалі на іх наземныя жукі і іншыя шкоднікі, па галінках іх развешвае. Наколе грыбок за капялюшык на тонкую галінку і пакідае так, пакуль ён не высахне. А потым складвае сухія грыбы ў дуплы. Калі пакрыецца ўсё навокал снегам, тады самы час скарыстаць далікатэсныя запасы.
(218 слоў)
Паводле В. Грамыкі
Похожие статьи:
Пераказы → Грыбныя дажджы
Пераказы → Грыбы ў павер’ях
Пераказы → Баравічкі
Пераказы → Веснавыя грыбы
Пераказы → Настасін гай