Ці ведаеце вы азбуку душы? Вы можаце здзівіцца. Вы скажаце, што не толькі ведаеце азбуку, але і ўмееце чытаць, пісаць і лічыць.
Але гаворка ў нас пра іншую азбуку, якую кожны з нас павінен вучыць заўсёды. Гэта азбука душы, азбука ведання чалавека. Гэта азбука вучыць спазнаваць самога сябе. Хто я такі? Як я разумею сябе сам? Як мяне бачаць іншыя людзі? Усе гэтыя пытанні павінны хваляваць кожнага чалавека.
Літары і лічбы лягчэй вывучыць. Не так цяжка навучыцца чытаць і пісаць.
Будзем вучыць азбуку душы. Ці ўмееце вы прачытаць думку ў вачах дарагога вам чалавека, радасць або засмучэнне на яго твары, пачуць хваляванне і трывогу ў яго голасе?
А лісток на дрэве ў розныя поры года? А бясконцае начное неба, поўнае таямніц і загадак? А далёкая-далёкая песня, у якой вы яшчэ не ўлавілі аніводнага слова, а ўжо добра адчулі і зразумелі настрой чалавека, які яе спявае?
Ці можа чалавек жыць толькі розумам, без пачуццяў, без душы і сэрца, без спагады і спачування болю, гору і няшчасцю іншых людзей?
Рабі дабро не толькі тады, калі бачаць людзі. Будзь чулы, уважлівы да людзей усюды і заўсёды. Самая вялікая каштоўнасць на свеце – чалавек.
(188 слоў)
(Паводле А. Асіпенкі)
Похожие статьи:
Алесь Бадак → Алесь Бадак - Душа
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Душа мая тужлівая...
Віктар Карамазаў → Віктар Карамазаў - Зачараваная душа
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Душа
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Душа баліць...