Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адроджаная «Еўропа»

   Рэспектабельная пяцізоркавая гасцініца «Еўропа» размешчана ў гістарычным і культурным цэнтры беларускай сталіцы. Гэта прыгожы сяміпавярховы будынак у стылі мадэрн пачатку дваццатага стагоддзя.
   Старанна прадуманы дызайн атэля, які ўвасабляе максімальны клопат пра гасцей. Вытанчанасць і раскоша інтэр’ераў нумароў удала спалучаюцца з суперсучаснымі тэхналогіямі, здольнымі задаволіць самы патрабавальны густ.
   Гасцініца «Еўропа» спецыяльна створана для падарожнікаў, якія шануюць высокую якасць абслугоўвання. Фонд гасцініцы ўключае шэсцьдзясят сем прасторных, элегантных і раскошных нумароў, у кожным з якіх ёсць сістэма клімат-кантролю, сейф, халадзільнік, тэлефон, доступ у інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачанне.
   У «Еўропе» можна знайсці ўсё, што неабходна для прыемнага адпачынку: выдатны рэстаран, утульныя бары, аздараўленчы комплекс з басейнам, фінскай і турэцкай саўнамі, фітнес-цэнтрам, дзве канферэнц-залы ўмяшчальнасцю семдзесят і дваццаць пяць чалавек, мноства сэрвісных паслуг, бібліятэку, падземны паркінг.
   Атэль «Еўропа» – гасцініца са стогадовай самабытнай гісторыяй. У розныя гады тут спыняліся такія вядомыя асобы, як Уладзімір Маякоўскі, Марк Шагал і іншыя. Пабудавана «Еўропа» была ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Тады на скрыжаванні Губернатарскай вуліцы і Саборнай плошчы быў узведзены будынак новай гасцініцы, які меў два паверхі, але не меў назвы. Дарэвалюцыйная гасцініца была пабудавана на сродкі самай багатай мінскай купецкай дынастыі таго часу – сям’і Палякаў. У хуткім часе гасцініца стала карыстацца вялікай папулярнасцю ў мінскай багемы і гасцей тады яшчэ звычайнага губернскага горада. Цікава, што будынак тагачаснай гасцініцы неаднаразова быў адлюстраваны на палотнах мастакоў дзевятнаццатага стагоддзя. У 1884 годзе гасцініца стала называцца «Еўропа», а разам з гучнай назвай «вырасла» на адзін паверх.
   У пачатку дваццатага стагоддзя «Еўропа» была рэканструявана і стала шасціпавярховай. Акрамя таго, будынак змяніўся і вонкава: ён быў перабудаваны ў модным тады ў Расіі стылі мадэрн. Выразныя фасады, якія выходзілі на Саборную плошчу і Губернатарскую вуліцу, адрозніваліся высокай якасцю дэкаратыўнай апрацоўкі. Валодалі гасцініцай у той час браты Рыгор і Якаў Палякі. У 1913 годзе ў гасцініцы працавалі першакласны рэстаран, жаночая і мужчынская цырульні, чытальная зала. У кожным са ста трыццаці нумароў былі тэлефон, умывальнік, электраасвятленне, вадзяное ацяпленне, ванна. Гасцініца славілася і выдатным па тым часе сэрвісам. А яшчэ «Еўропа» можа пахваліцца тым, што менавіта тут упершыню ў горадзе пачаў працаваць ліфт. Для зручнасці гасцей горада на вакзал да цягнікоў высылаўся аўтамабіль або экіпаж. У рэстаране наведвальнікаў забаўлялі румынскі і венскі жаночыя аркестры.
   Вялікую Айчынную вайну будынак гасцініцы, на жаль, не перажыў, быў цалкам разбураны. Каля шасцідзесяці гадоў ніхто не задумваўся аб аднаўленні гэтага знакамітага ў свой час будынка. Пра гасцініцу нечакана ўспомнілі ўжо ў дваццаць першым стагоддзі. У 2004 годзе мэрыі горада Мінска было даручана нанова адбудаваць атэль з захаваннем стылістычных асаблівасцей, якія былі яму характэрны ў пачатку мінулага стагоддзя.
   Адроджаная «Еўропа» гасцінна расчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у 2007 годзе. Сёння тут забяспечаны самы высокі ўзровень абслугоўвання, каб у гасцей Мінска засталіся толькі прыемныя ўспаміны аб знаходжанні ў беларускай сталіцы.
(450 слоў)

Паводле А. Міхаленка.