Едучы ў педінстытут, у надпрыпяцкі горад, дзе жыў і працаваў, калі быў малады, Высоцкі лічыў, што адпачне. Прачытаць за месяц спецкурс на трыццаць гадзін – не надта вялікая цяжкасць для яго, спакушанага ў такім чытанні за доўгія гады выкладчыцкай работы.
Зрэшты, ён мог дазволіць сабе адпачыць пасля корпання ў бібліятэках, архівах, праўкі карэктур, розных патрэбных і непатрэбных пасяджэнняў, нарад, вучоных і рэдакцыйных саветаў, што аднімалі тыдзень за тыднем і месяц за месяцам. Ён любіў ездзіць, але паездкі ў яго жыцці былі не частыя, і ён мог іх пералічыць на пальцах. Найбольш было будзённай аднастайнасці: на факультэт ці ў бібліятэку хадзіў адной і той жа вуліцай, бачыў знаёмыя будынкі, дрэвы, сустракаў добра знаёмых людзей і, пачынаючы з позняй восені, калі ў лесе канчаюцца грыбы, настройваўся на хвалю трызненняў пра новае лета, калі хоць на дзень можна выскачыць з горада ў лес і павандраваць з кошыкам на прыволлі. У чалавеку жыве патрэба сутыкнуцца з простым, першародным, што ідзе ад зямлі, вады, травы, хмар на небе, ветру, які абвявае твар, дажджу, які да ніткі прамочыць вопратку. Такімі вось вандроўкамі Высоцкі лячыўся ад аднастайнасці сваіх заняткаў.
Ён ехаў у горад, дзе прайшла маладосць, і ціха шчымела пад сэрцам. З тых далёкіх дзён, калі ён выбраўся адтуль назаўсёды, ён быў там два ці тры разы, але похапкам, нават не пераначаваўшы, дый было тое даўно, гадоў дзесяць ці дванаццаць назад.
Цягнік імчыць з поўначы на поўдзень, з краю ўзгоркаў, курганоў, асмужаных пералескаў на вялікую раўніну, дзе лясы большыя, дзе цячэ спакойная Прыпяць і хмурай елкі амаль не ўбачыш.
Вераснёвы час, паспелі яблыкі, грушы, слівы, іх салодкі пах пранікае, здаецца, нават у вагон, які праносіцца міма станцыйных пасёлкаў, наўсцяж засаджаных садамі.
(273 словы)
Паводле І. Навуменкі
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Адпачынак (Паводле А. Пальчэўскага)
Пераказы, дыктанты → Любімы адпачынак
Пераказы, дыктанты → Добры адпачынак