Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адкрыццё

   Зусім нядаўна, год назад, мне давялося начаваць на вёсцы ў цёткі Тоні.
   Раніцай жанчына прыйшла знадворку амаль з пустым вядром і паскардзілася, што карова не дала малака.
   – І гэта не першы раз, – тлумачыла жанчына. – А ведаеце чаму? Ласка адабрала.
   – Якая ласка? – здзівіўся я. – Звярок?
   – Звярок! Ужо некалькі дзён раніцай гляджу на карову, а карова мокрая, успацелая ад страху. І малака не дае. Пэўна ж, ласка па карове ўсю ноч скакала.
   – Не можа быць, – кажу. – Пацук лазіць па каровіных спінах, сам бачыў. Але каб ласка? Першы раз чую. Ці не пацук гэта?
   – Ласка! – пераканаўча прыклала руку да грудзей цётка Тоня. – Хіба я ласку не ведаю? Карова ад страху аж трасецца.
   У мяне ад жудасці мурашы па спіне забегалі. Я і запытаўся:
   – Выбачайце, а што ласка робіць на спіне ў каровы?
   – Не ведаю, – паціснула плячамі старая жанчына. – Хто іх ведае, гэтых ласак. Можа, грэецца.
   Да абеду ў мяне перад вачамі стаяла бедная, успацелая ад страху карова і не давала спакою ўсё тое ж пытанне. Што могуць ласкі рабіць на каровіных ці конскіх спінах?
   Відаць, турбавала гэтае пытанне і цётку Тоню, бо пад самы абед яна прамовіла без ніякіх асаблівых уступаў і тлумачэнняў:
   – Аблізвае! Некаторыя бачылі, што аблізвае.
   І тут да мяне дайшло! Соль! Мінеральная дабаўка! Каровы, коні часта пацеюць. Пот высыхае, а соль, якая змяшчаецца ў поце, і ёсць прычына таго, што ласкі залазяць на конскія ці каровіны спіны і аблізваюць іх. Вось дзе магчымая разгадка дзівосных паводзін маленькага звярка. Згадзіцеся, цікава было б праверыць падобнае дапушчэнне.
(246 слоў)

(Паводле А. Наварыча)

 

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Рагуля-малакуля

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку